Палякаў непакояць беларускія снайперы на мяжы

Польскі бок збіраецца «ўважліва сачыць за сітуацыяй». Пра гэта заявіў прэс-сакратар міністра — каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын.

Польска-беларуская мяжа. Фота Autorstwa Beentree, wikimedia.org

Польска-беларуская мяжа. Фота Autorstwa Beentree, wikimedia.org

Сітуацыя на мяжы з Беларуссю па-ранейшаму напружаная. Гэта пацвердзіў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын (Stanisław Żaryn). У эфіры Трэцяй праграмы грамадскага Польскага радыё ён паведаміў, што ў апошнія дні на мяжы з Польшчай з'явіліся вайскоўцы з беларускіх баявых частак:

У некаторых з іх, што выклікае нашыя сумневы, снайперская зброя. Гэта доказ таго, што рэжым Лукашэнкі адпраўляе на польска-беларускае памежжа функцыянераў, якія нармальна маюць зусім іншыя абавязкі. Мы будзем сачыць за сітуацыяй і высвятляць, з якой мэтай такія асобы паяўляюцца на польска-беларускай мяжы.

Станіслаў Жарын таксама звярнуў увагу, што міграцыйны ціск на мяжы не змяншаецца. Штодня памежная служба фіксуе каля двухсот спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу.

За апошнія суткі Польскія памежнікі спынілі на мяжы з Беларуссю 233 мігрантаў і развярнулі іх назад. Затрыманыя 8 мігрантаў, у тым ліку, з Конга, Ірана і Сірыі.

За дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы ў Польшчы затрыманы беларус, а таксама грамадзяне Румыніі і Шры-Ланкі.