Памочнік Канапацкай кінуў моладзь, абураную законам аб прызыве. Невядома, дзе сабраныя грамадой грошы

Дзіўная сітуацыя разгортваецца з палітычнай актыўнасцю вакол зменаў у прызыўное заканадаўства.

nn_1.jpg

Сітуацыя была такая: моладзь, незадаволеная прыняццем паправак, пачала гуртавацца і дзяліцца думкамі ў тэлеграм-чаце @ProtestBY Chat. Ён, як неўзабаве выявілася, быў створаны і адміністраваўся Дзянісам Ціханенкам — памочнікам дэпутаткі Ганны Канапацкай.
Дзяніс прэзентаваў сябе як дэмакратычнага актывіста і пераконваў, што гэтая тэма яму не абыякавая, таму ён дапамагае студэнтам.
Ён стаў такім ментарам для людзей, якія ўпершыню сутыкнуліся з патрэбай выказаць сваю нязгоду і шукалі кансультатыўнай падрымкі ў метадах ды сродках. Статус памочніка дэпутата рабіў на іх уражанне.
Ціханенка дапамог выпрацаваць план пратэстнай актыўнасці і запусціў збор сродкаў на яе фінансаванне — сродкі пералічваліся на яго рахунак у сістэме PayPal, прыйшло недзе 1500 рублёў.
Але самыя актыўныя ўдзельнікі пачалі звяртаць увагу, што «ад Ціханенкі сыходзіць занадта шмат балбатні», час губляецца, а сама тэма ўвогуле сыходзіць у бок і падмяняецца заклікамі Ціханенкі падтрымаць яго на выбарах. Бо, маўляў, са зменамі ў закон трэба змагацца, маючы заканадаўчую ўладу.
«Ціханенка абяцаў арганізаваць мітынг, калі ў чаце будзе 1000 чалавек — ён меўся быць галоўным. Але не стрымаў слова і не дапамог, нават калі ў ім было ўжо 2000 чалавек! Бюджэт на актыўнасць ён пралічыў у памеры 35 еўра на месяц, хоць мы сабралі нашмат болей, але больш ён не пералічваў. Потым пачаў баніць незадаволеных, але зрабіў выгляд, што сам больш не кіруе чатам, а «аддаў» яго іншаму чалавеку», — выказваюць прэтэнзіі да Ціханенкі актывісты чата ProtestBY.
Праўда, вельмі хутка выявілася, што той «іншы чалавек» — гэта альтэр-эга Ціханенкі. У памочніка Канапацкай ёсць нерухомасць у Італіі, ён яе здае, пакідаючы свае італьянскія кантакты. Калі ўвесці гэтыя кантакты ў Тэлеграм, ён пакажа, што гэта — кантакт «новага адміністратара».
Бачачы ўсё гэта, частка самых актыўных людзей адкалолася ад чата Ціханенкі і стварыла паралельны @pozvachat.
«Тут сабраліся тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх цікавіць выключна тэма адмены закона аб адтэрміноўцы. Палітычныя амбіцыі чалавека, які самавольна абвясціў сябе прадстаўніком пратэсту, можа дыскрэдытаваць рух агулам. Мы не супраць ініцыятываў Дзяніса, звязаных менавіта з гэтым законам, і будзем усяляк іх падтрымліваць. Адзіная прычына нашага «сепаратызму» — жаданне засцерагчы сябе і сваё імя ад палітычных гульняў людзей, якіх мы занадта мала ведаем. У інтэрнэце занадта шмат інфармацыі пра тое, што Дзяніс Ціханенка стала пражывае за мяжой. Гэты факт не дадае матывацыі удзельнікам руху бачыць у яго асобе свайго «прэс-сакратара», — патлумачылі стваральнікі новых ініцыятыў «Нашай Ніве».
Таксама актывісты патлумачылі, што Ціханенка ад імя свайго альтэр-эга расказваў, што падаў заяўку на правядзенне пратэстнай акцыі ў Мінгарвыканкам. Але ніхто той заяўкі, апроч фіктыўнага адміністратара, не бачыў.
А што сам Ціханенка? У размове з журналістам «Нашай Нівы» ён сцвярджаў, што не ведае пра канфлікт.
Але гэта абвяргаецца фактамі — заклік не падтрымліваць «сепаратыстаў» быў размешчаны ў тэлеграм канале @ProtestBy, які, са словаў Ціханенкі, кантралюецца ім. Сам пісаў ды не бачыў? Пасля размовы з журналістам той допіс з канала знік.

nn_2.jpg

Таксама Ціханенка запэўніваў, што італьянскі нумар, на які зарэгістраваны «новы адміністратар» чата, яму не належыць.
Агулам, Ціханенка не здолеў патлумачыць, навошта і каму «перадаў» кантроль над чатам.
«Вы ведаеце, каму перадалі чат?», — спыталі мы.
«Асабіста я не ведаю гэтага чалавека, асабіста ніхто нікога не ведае», — сказаў ён.
Але пасля размовы Ціханенкі з «Нашай Нівай» пратэстны чат на больш чым 2000 чалавек… знік! Ён быў выдалены адміністратарам з італьянскім нумарам Дзяніса Ціханенкі.
Актывісты ж, якія ўтварылі паралельныя ініцыятывы, бачаць у паводзінах Ціханенкі глупства, якое нараджае пытанні як да яго асабіста, так і да яго патрона — Ганны Канапацкай.
«Было зразумела, што ён плануе ўвесь рух скарыстоўваць потым для сваіх палітычных мэт, але ж не трэба рабіць гэта так рана і так адкрыта! Ды і гэты яго ход — завесці ананімны акаунт, даць яму правы на чат, а потым казаць што ён не пры справах — таксама вельмі дурны. Яго тут не шкада, шкада Канапацкую з такімі памагатымі», — сказаў адзін са стваральнікаў паралельнага чату актыўнасці.
Пасля выдалення чата звязацца з Ціханенкам па мабільным немагчыма, не могуць звязацца з ім не толькі журналісты, але і актывісты.
Пры гэтым на рахунках Ціханенкі застаюцца грошы, сабраныя людзьмі — каля 500 рублёў.

nn_3.png

Іншая частка грошай пайшла мэтава — на аплату паслуг міліцыі і хуткай на пікетах.
Паводле Нашай Нівы