Парашэнка запатрабаваў ад Пуціна выконваць мінскія дамоўленасці

 Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка накіраваў ліст свайму расійскаму калегу Уладзіміру Пуціну з патрабаваннем выконваць мінскія дамоўленасці і вызваліць усіх заложнікаў, уключаючы лётчыцу Надзею Саўчанку. Аб гэтым Парашэнка паведаміў у інтэрв'ю польскаму тэлеканалу TVN-24.



parasenka_1808.jpg

"Пазаўчора (25 студзеня. — БелаПАН.) я накіраваў ліст прэзідэнту Пуціну, адным з асноўных элементаў якога было патрабаванне не толькі спынення агню і выканання мінскіх дамоўленасцей, але і вызваленне Надзеі Саўчанкі і ўсіх заложнікаў", — сказаў Парашэнка, словы якога прыводзіць прэс-служба прэзідэнта.
Парашэнка падкрэсліў неабходнасць выканання мінскіх дамоўленасцей усімі бакамі. Ён адзначыў, што санкцыі ў дачыненні да Расіі з'яўляюцца эфектыўнымі. "Мы павінны ствараць умовы, каб прымусіць Расію ўдзельнічаць у перамовах і выконваць абавязацельствы, якія яна ўжо на сябе ўзяла", — сказаў украінскі кіраўнік.
Ліст Парашэнкі стаў адказам на пасланне Пуціна ад 15 студзеня, у якім той прапаноўвае адвесці цяжкую артылерыю, арыентуючыся на фактычную лінію сутыкнення ваюючых бакоў, а не па стане на 19 верасня 2014 года, як зафіксавана ў мінскім пратаколе. Кіеў заяўляе, што з восені баевікі захапілі каля 500 квадратных кіламетраў тэрыторыі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН