ПАРЕ правядзе тэрміновыя дэбаты з нагоды міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю
Нягледзячы на пярэчанні Расіі, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы правядзе тэрміновыя дэбаты з нагоды міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю.
Акрамя таго, ПАРЕ правядзе тэрміновыя дэбаты па сітуацыі ў Афганістане і яе наступствах для рэгіёну і Еўропы, а таксама абмяркуе праект другога дадатковага пратаколу да канвенцыі аб кіберзлачыннасці.
Супраць правядзення тэрміновых дэбатаў па Беларусі выступіў прадстаўнік расійскай дэлегацыі ў ПАРЕ Сяргей Кісляк. «Я, як і многія мае калегі, супраць абмеркавання пытання па Беларусі, таму што яно надуманае і штучнае», — сказаў Кісляк.
Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка падтрымаў правядзенне дэбатаў па Беларусі. «Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае мігрантаў у якасці зброі, у якасці сродка ціску. Ужо былі загінулыя і параненыя на мяжы. Гэтая тэма вельмі важная», — заявіў Ганчарэнка.
У выніку 111 членаў ПАРЕ прагаласавалі за правядзенне дэбатаў, супраць — 22, устрымаліся — 6.
Абмеркаванне міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю запланавана на 30 верасня.
naviny.online