Партыя БНФ нарэшце знайшла памяшканне для правядзення з'езду

XVI справаздачна-выбарчы з'езд Партыі БНФ і XIV з'езд Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” адбудуцца 11 кастрычніка ў Менску ў былым Палац культуры “Сукно” па адрасе Матусевіча 20. Раніцай 7 кастрычніка прадстаўнікі партыі падпісалі дамову на арэнду памяшкання.



1276407923513167_jpg.gif

Нагадаем, першапачаткова з'езд Партыі БНФ быў запланаваны яшчэ на 13 верасня. Аднак у апошні момант адміністрацыя Палаца культуры імя Шарко адмовілася заключаць дамову арэнды, а ўладальнікі іншых прыдатных памяшканняў патрэбнай умяшчальнасці ў Менску адмовіліся здаваць канфэрэнц-залі без дазволу Менгарвыканкама, хоць гэткае ўзгадненне і не прадугледжанае беларускім заканадаўствам. У выніку паседжанне вышэйшага органа партыі давялося адкласці на месяц.

На з'езд Партыі БНФ вылучана каля 200 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у каментары партыйнай прэс-службе выказаў спадзяванне, што гэтым разам правядзенне з'езду абыйдзецца без перашкодаў.

Нягледзячы на перанос з'езду, у пошуку памяшкання ўправа БНФ сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі: ізноў было шмат незразумелых адмоваў як ад прыватных, так і ад дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў культуры. Але мы ўжо падпісалі дамову арэнды з уласнікамі былога Палаца кульуры “Сукно”, і я разлічваю — з'езд пройдзе належным чынам, — сказаў Аляксей Янукевіч

У парадку дня Зьезду прадугледжаная справаздачна-выбарчая частка (справаздача пра дзейнасць партыі і грамадзкага аб’яднання за апошнія тры гады, абранне старшыні,  намеснікаў і Сойму БНФ), а таксама вызначэнне пазіцыі Фронту па маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах.

Дэлегатам будуць прапанаваныя на разгляд змены ў праграму Партыі БНФ. Сімвалічна, што з'езд БНФ будзе адбывацца напрыканцы абвешчанага беларускімі правабаронцамі “Тыдня суппраць смяротнага пакарання” — сярод прапанаваных у партыйную праграму нормаў прадугледжваецца ўнясенне палажэння пра скасаванне смяротнага пакарання.

Прэс-служба БНФ