Апазіцыя рыхтуе антыкарупцыйны даклад

Прадстаўнікі апазіцыі рыхтуюць даклад аб карупцыі ў Беларусі, паведаміў БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.



pravitelstvo_ten_245.jpg

Падрыхтоўка даклада абмяркоўвалася 6 кастрычніка ў Мінску прадстаўнікамі АГП, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", аргкамітэтаў па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі працы, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі "Зялёныя", кампаніі "За справядлівыя выбары", руху "За Свабоду". Браць удзел у працы па падрыхтоўцы даклада плануе таксама Партыя БНФ.


Паводле слоў Лябедзькі, распрацоўшчыкі даклада разглядаюць тэму супрацьдзеяння карупцыі як адзін з найважнейшых прыярытэтаў для ўсіх прыхільнікаў перамен. "Палітычныя структуры маюць волю выпрацаваць агульную пазіцыю, платформу па праблеме карупцыі. Мы мяркуем, што гэта праблема нацыянальнага маштабу, якая наносіць велізарны ўрон асабістаму дабрабыту пераважнай колькасці грамадзян Беларусі і мае рэпутацыйныя выдаткі для краіны. Не мінімізаваўшы гэтую праблему, спадзявацца на паспяховую перспектыву краіны не даводзіцца", — упэўнены палітык. 


У дакладзе, паведаміў ён, будзе дадзена ацэнка дзеянням улады. Дакумент таксама будзе ўтрымліваць канкрэтныя прапановы (шэсць-сем пунктаў) палітычнай апазіцыі па мінімізацыі праблемы карупцыі ў Беларусі.


"Апрача таго, мы будзем думаць, як папулярызаваць нашы пазіцыі, як дайсці з імі да людзей. Таксама неабходна актывізаваць саміх грамадзян, каб яны былі неабыякавымі. Таму што праблемы карупцыі — гэта праблемы не толькі апазіцыі, а ўсяго грамадства, усіх грамадзян краіны", — падкрэсліў Лябедзька.


Дакумент будзе прадстаўляць агульную платформу апазіцыйных структур на некалькіх старонках, зазначыў лідар АГП. Прэзентацыя даклада запланаваная на наступны тыдзень — пасля 14 кастрычніка. Апрача таго, да канца года будзе прэзентаваная папулярная брашура аб'ёмам прыкладна 50 старонак з фактамі, канкрэтнымі прыкладамі і доказамі карупцыі ў Беларусі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН