Павел Севярынец выступіў на канферэнцыі Адамкуса ў Вільні

Аб гэтым палітык паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.

69433603_2328755670773843_6285041234415190016_n.jpg


Выступ сустаршыні БХД датычыўся Астравецкай АЭС.
"На гэты форум, галоўную антыімперскую пляцоўку ў нашай частцы свету, з'ехаліся прэзідэнты Літвы Наўседа, Грузіі Зурабішвілі, прэм'ер Малдовы Санду, украінскі спікер Парубій, амерыканскія кангрэсмены і прадстаўнікі Дзярждэпу, польскія, літоўскія ды румынскія міністры, нямецкія еўрадэпутаты, прадстаўнікі ХДС і рэспубліканцаў ЗША, аналітыкі і эксперты з усёй еўраатлантычнай прасторы. Вядома, былі першы кіраўнік незалежнай Літвы Ландсбергіс, былы прэзідэнт Валдас Адамкус, кіраўнік МЗС Літвы Лінкявічус, мэр Вільні Шымашус ды багата іншых. Адным з галоўных пытаньняў была пагроза ЕС з боку АЭС у Астраўцы". — паведамляе Севярынец і адзначае, што ён выступаў на адной панэлі з міністрам энэргетыкі Літвы Жыгімантасам Вайчунасам, сустаршынём Еўрапейскай партыі Зялёных Рэйнхардам Буцікёферам, дзяржсакратаром Польшчы па пытаннях энэргетычнай стратэгіі Пятром Наімскім і намміністра энэргетыкі Румыніі Андрэем Маёраню.
Прыводзім тэкст выступу ў скарачэнні.
"Добры дзень, шаноўнае спадарства!
Праз тры месяцы ў рэактар Астравецкай АЭС у 45 кіламетрах адсюль загрузяць ядзернае паліва. Зоймецца гэтым “Росатом”, які на днях узарваў ядзерную ракету пад Северадзвінскам. Там некалькі чалавек загінулі, цяпер адсяляюць вёскі з-за радыяцыі і насельніцтва скупае ў аптэках ёд. Глядзелі серыял “Чарнобыль”?
Астравецкая АЭС – гэта не праект Лукашэнкі. Гэта праект Пуціна, які ў апошнія гады палохае свет ядзерным апакаліпсісам. Калі вы яшчэ не здрыгануліся з гэтай нагоды – зараз самы час і самае месца. Тое, пра што мы з вамі гаворым – гэта не толькі энергетыка. Гэта стратэгічная ідэя расійскага Генеральнага штаба – размясціць каля самай мяжы з ЕС, бліжэй да Калінінграда, на накірунку верагоднага удара па Еўропе, атамную электрастанцыю.
Давайце цяпер паглядзім, што гэта за месца такое, Астравец.
Яшчэ ў 1990-ыя на замову з Масквы, для патрэбаў эканомікі СССР рыхтаваліся будаваць Беларускую АЭС, і Акадэмія навук БССР ацаніла дзясяткі патэнцыйных пляцовак для будаўніцтва. Вядучыя акадэмікі паставілі свае подпісы пад вынікамі даследвання. А вынікі такія: самая кепская для будаўніцтва АЭС пляцоўка – Астравецкая. Стаіць на разломах зямной кары. Былі землятрусы. Каля яе – магільнік сібірскай язвы. У Беларусь вятры пераважна з Балтыкі. Калі штосьці здараецца ў Астраўцы, да Мінску воблака даходзіць за некалькі гадзінаў.
У 2013 годзе пачалі будаваць АЭС у Астраўцы. Па-савецку, як і Чарнобыль.
Пастаянныя інцыдэнты. Рабочым рэгулярна не выплочваюць заробак – як яны працуюць, можаце ўявіць. Ужо 5 чалавек на будоўлі загінула, апошні – тыдзень назад. Два разы білі рэактар – адзін раз грохнулі ў слуп на чыгунцы, пакуль перавозілі, другі раз, у ліпені 2016-га, рэактар упаў з вышыні некалькіх метраў.
Незалежныя спецыялісты ў Беларусі, калі пачынаеш гаварыць пра Астравецкую АЭС, задаюцца пытаннем: навошта гэта Лукашэнку? Навошта псаваць адносіны з Літвой і ЕС? Навошта мяняць расійскі газ на расійскі уран? Навошта палохаць людзей другім Чарнобылем?
Прадаць электрычнасць у ЕС не так проста. Сваёй электраэнэргіі ў Беларусі лішак. Давядзецца зачыняць два гарады, Навалукомль, 13 тысячаў чалавек, і Белазёрск, 12 тысячаў, пабудаваныя для абслугоўвання двух буйнейшых цеплавых электрастанцыяў. Год назад Лукашэнка сам на паседжанні ураду паставіў пытанне рубам: ніхто, кажа, мне не патлумачыў, навошта нам АЭС і як яна ўбудуецца ў энэргетычную сістэму.
У 2018-ым годзе мы правялі шэраг акцыяў супраць АЭС у Астраўцы. Быў масавы Чарнобыльскі шлях у Мінску ў гадавіну Чарнобыля. Распачаўся Астравецкі шлях – планаваліся кожны месяц акцыі ў гарадах ад Мінска да Астраўца. Да Астраўца не дайшлі. Удзельнікаў затрымлівалі прэвентыўна, здымалі з транспарту, судзілі і давалі вялізныя штрафы. Сёлета Чарнобыльскі шлях у Менску наогул быў забаронены, тыя, хто выйшаў, атрымалі штрафы.
Лукашэнка падаўляе любы пратэст у Беларусі супраць Астравецкай АЭС. АЭС Беларусі ня трэба, але пратэставаць супраць яе нельга. Чаму? Масква.
Астравецкая АЭС – гэта расійская ядзерная бомба на мяжы з Еўрапейскім саюзам.
Думаю, спадарства, усе вы глядзелі серыял “Чарнобыль”. Шмат словаў тут ня трэба. Трэба толькі адно: ясная і выразная пазіцыя Еўрапейскага Саюза: зачыніць АЭС у Астраўцы.
Трэба абясшкодзіць расейскую ядзерную бомбу у 10 км ад мяжы з ЕС. Заклікаю ўсіх адказных еўрапейцаў і іншых нашых сяброў не чакаць, пакуль другі Чарнобыль стане рэальнасцю. Крамлёўскіх вар’ятаў не спыняюць страты ў войнах. Яны рыхтуюць гібрыдную ядзерную вайну. Мы з вамі яшчэ можам ім перашкодзіць. Давайце зробім гэта".