Павел Севярынец: Лукашэнка ўсіх дастаў
Палітык упэўнены ў наяўнасці пратэстнага патэнцыялу ў беларусаў. Пра гэта Павел Севярынец заявіў у інтэрв'ю «БДГ».
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» правёў паралелі паміж сітуацыяй у нашай краіне і ва Украіне.
Палітык лічыць, што ініцыятарам пераменаў у Беларусі можа стаць царква.
«У некаторым сэнсе сацыяльная дамова сапраўды ёсць. Хоць яна не перашкодзіла адбыцца «Плошчы» ў 2010 годзе, а тады заробкі таксама былі дастаткова высокімі.
Нашмат складаней з тым, што апазіцыя павінна выступіць, перш за ўсё, як маральная альтэрнатыва Лукашэнку, а не толькі як альтэрнатыва палітычная, эканамічная і гэтак далей.
Таму апазіцыя павінна быць сумленнай, праўдзівай, адкрытай. Калі хтосьці з апазіцыянераў спрабуе хлусіць, палохаць, красці, ён аўтаматычна перастае быць часткай апазіцыі. Ён сам становіцца
часткай праблемы.
Асабіста я бачу толькі адну сілу, якая можа дапамагчы вярнуць маральнасць як норму жыцця ў беларускае грамадства і палітыку. Гэта царква. Калі цэрквы - не ў выглядзе структур і іерархій, а ў
выглядзе вернікаў у Ісуса Хрыста, якія з'яўляюцца носьбітамі маральнасці, - лінуць ў грамадскае жыццё, у палітыку, тады можа адбыцца маральная рэвалюцыя, якая апярэджвае ўсе астатнія рэвалюцыі
- эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя.
- заявіў Павел Севярынец.
Паводле bdg.by