Пяць тысяч долараў для БДУ не праблема, калі справа тычыцца дзяржсцяга

Белдзяржуніверсітэт размясціў на сайце дзяржзакупак icetrade.by заяўку на распрацоўку праекта па ўстаноўцы Дзяржаўнага флага на дахах двух будынкаў. Там указаны арыенціровачны кошт работ.

1021670616.jpg


Прапанова з'явілася 1 снежня. З яе вынікае, што БДУ плануе ўсталяваць дзяржаўныя сцягі на дахах двух будынкаў: галоўнага корпуса ўніверсітэта на праспекце Незалежнасці, 4 і навучальнага корпуса на вуліцы Кальварыйскай, 9 (там знаходзяцца факультэт журналістыкі, а таксама факультэт філасофіі і сацыяльных навук).
Заяўка тычыцца менавіта распрацоўкі праектнага рашэння для ўстаноўкі сцягоў.
Арыенціровачны кошт работ — 13 818 рублёў (больш за 5 тысяч даляраў у эквіваленце). Крыніца фінансавання — уласныя сродкі.
Прапановы скончаць прымаць 14 снежня.
Спосаб правядзення перамоў: без папярэдняга кваліфікацыйнага адбору ўдзельнікаў. Без правядзення працэдуры зніжэння кошту замовы.
Пакуль не вядома, колькі яшчэ будуць каштаваць сцягі, што будуць усталяваныя на гэтых дахах. І ці будуць яны набывацца таксама за ўласныя сродкі. Праўда, у дадзеным выпадку вызначэнне "уласныя сродкі" у дачыненні да бюджэтнай арганізацыі гучыць троху дзіўна. Як дзіўна і тое, што 5000 долараў БДУ вырашылі выдаткаваць на праект размяшчэння сцягоў, а не, скажам, на нейкае абсталяванне для лабараторый ці літаратуру для бібліятэкі.