Перамовы ў Мінску: тэрарысты пагадзіліся выпусціць частку закладнікаў
Трохбаковая працоўная група па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ўчора ў Мінску сустрэлася з прадстаўнікамі сепаратыстаў. Імёны апошніх не паведамляюцца.
Рэшткі малазійскага самалёта, які збілі ў Данецкай вобласці. Фота interfax.ru
Сёння перамоўнікі з боку тэрарыстаў пагадзіліся выпусціць частку закладнікаў. У паведамленні прэс-службы АБСЕ гаворыцца, што бакі падтрымалі абавязальніцтва звольніць значную частку палонных. Экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які ўваходзіць у працоўную групу, удакладніў агенцтву "Интерфакс", што вядзецца пра 20 закладнікаў, якія маюць выйсці на волю і гэта будзе першы этап.
У кантактную групу, якая працуе ў Мінску, апрача Кучмы, уваходзяць амбасадар Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйная прадстаўніца дзейнага старшыні АБСЕ ў пытаннях урэгулявання сітуацыі ва
Украіне Гайдзі Тальявіні (Heidi Tagliavini). Сустрэчу ў беларускай сталіцы ініцыяваў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Другім важным пытаннем быў допуск міжнароднай місіі да месца катастрофы малазійскага «Boeing'а» ў Данецкай вобласці. Учора эксперты місіі АБСЕ ўжо наведалі месца
падзення самалёта, дзе працягваюцца баявыя дзеянні. Разам з імі туды змаглі трапіць чатыры аўстралійскія і галандскія адмыслоўцы. Пра гэта эксперты АБСЕ паведамілі ў
«Twitter'ы». Яны паспяхова выканалі заданне і вярнуліся на базу. Такое ж паведамленне пазней распаўсюдзіла і прэс-служба прэзідэнта Украіны.
Пасля ўчорашняй сустрэчы ўдзельнікі працоўнай групы запэўнілі, што калідор, які выкарыстала міжнародная місія ў Данецкай вобласці, каб трапіць на месца катастрофы рэйсу МН17, будзе захаваны.
Там не будуць весці ваенных дзеянняў. Аднак дапусціць на месца катастрофы ахоўнікаў з міжнароднай мілітарнай місіі тэрарысты не пагадзіліся.
Віцэ-прэм'ер Украіны Уладзімір Гройсман паведаміў на брыфінгу, што вагон з рэчамі загінулых
спеаратысты цягам двух дзён маюць перамесціць на тэрыторыю, якую кантралюе ўкраінская армія.
Чарговая сустрэча кантактнай групы з сепаратыстамі плануецца на наступным тыдні.