Праўладныя камуністы распаўсюджваюць на пікетах за Лукашэнку газеты супраць БХД

Актывісты падтрымлівай з дзяржбюджэту Камуністычнай партыі Беларусі раздаюць на пікетах па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты свае газеты «Коммунист Беларуси». І гэта пры тым, што раздаваць друкаваныя матэрыялы на пікетах забаронена.



143071.jpg

"Скарга на тое, што яны раздаюць друкаваныя матэрыялы на пікетах, бліжэйшым часам будзе накіраваная ў ЦВК", — адзначыў адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кіраўнік кампаніі назірання “Права выбару” Дзяніс Садоўскі.

У газеце, што раздавалі на пікеце, сярод іншага, ёсць і артыкул сумнавядомага Андрэя Лазуткіна, які займаўся ачарняльніцтвам беларускай мовы і грэка-каталіцкіх вернікаў у сваёй антыўтопіі. Прысвечаны гэты артыкул дыскрэдытацыі БХД. У прыватнасці, спадчыннікі савецкай машыны тэрору, лік ахвяраў якой ідзе на дзясяткі мільёнаў чалавечых жыццяў, абвінавачваюць БХД у спробах развалу беларускай дзяржавы, называюць “канапнай партыя”, “дамарошчанымі палітыкамі” і гэтак далей. Пры гэтым слова хрысціяне бярэцца ў двукоссі, а ўдзельнічаць БХД у выбарах, маўляў, “Ісус не дазволіў”. 

Не спадабалася аўтару пасквіля і тое, што Віталь Рымашэўскі ў сваім інтэрв’ю “Белгазеце” прыраўняў камунізм і фашызм. Мэта гэтага, паводле Лазуткіна, — працяг пачатай на Захадзе кампаніі па ачарненні Расіі. Пра ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Беларусі, выразаную беларускую інтэлігенцыю, знішчаную Царкву і разбураную вёску ён чамусьці маўчыць.

Артыкул поўны рознага кшталту памылак і перанасычаны прапагандысцкімі штампамі. Памылкова пішыцца па-руску прозвішча сустаршыні аргкамітэту Віталя Рымашэўскага. Таксама “святая Троіца” БХД (мяркуючы па ўсім, так аўтар вырашыў ахарактарызаваць кіраўніцтва аргкамітэту), на думку Лазуткіна, — гэта сустаршыні Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі. Куды рудымент савецкай эпохі падзеў сустаршыню БХД Георгія Дзмітрука — невядома...

Паводле bchd.info