Правакатары з Расіі выдавалі сябе за журналістаў «Нашай Нівы»

Учора, як паведамлялася, група грамадзян Расіі сарвала прэс-канферэнцыю спецпрадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка ў Мінску.

pravakatary.jpg

У момант выхаду Сайдзіка да журналістаў два хлопцы і дзве дзяўчыны пачалі выкрыкваць «Рукі прэч ад Данбаса!», «Данбас — у склад Расіі!».

Ніхто не пацярпеў, дыпламат пакінуў памяшканне.

МЗС Беларусі выступіла з адмысловай заявай па гэтай сітуацыі.

Занепакоенасць Мінска тлумачыцца тым, што ўлады Беларусі хацелі б зрабіць з Мінска перамоўную пляцоўку, усходнееўрапейскую Жэневу ці Хельсінкі. А сітуацыі, падобныя ўчорашняй, ставяць пад сумнеў здольнасць улад Беларусі забяспечыць спакой удзельнікаў перамоваў.

З'явіліся новыя дэталі інцыдэнту.

Як паведаміла агенцтва БелаПАН, разам з журналістамі маладзёны правялі некалькі гадзін у холе «Прэзідэнт-гатэля», называючыся карэспандэнтамі беларускіх СМІ, у прыватнасці «Нашай Нівы». Яны цікавіліся, хто будзе выступаць і хто такі Сайдзік.

У той жа час агенцтва БелТА паведамляе, што радыкалы мелі каля сябе пасведчанні выдання «Русская планета».

Адзін з удзельнікаў акцыі пасля інцыдэнту застаўся сядзець у холе гасцініцы і адмаўляўся размаўляць з журналістамі, але потым паведаміў, што ўсе яны прыехалі з Расіі, а акцыя была накіравана супраць АБСЕ як арганізацыі, якая, на іх думку, нічога не вырашае. Актывіст, які назваўся Мойшай, заявіў, што іх мэтай з'яўляецца «ўключэнне Данбаса ў склад Расіі».

Зразумела, «Наша Ніва» ніякіх журналістаў з Расіі на прэс-канферэнцыю не накіроўвала і першы раз чуе пра такіх людзей. Прыкрыванне імем СМІ пры ажыццяўленні палітычных правакацый не можа выклікаць нічога, акрамя абурэння.

Паводле Нашай Нівы