Прэм'ер-міністр Манака прапанаваў арганізаваць візіт дзелавых колаў княства ў Беларусь

Прэм'ер-міністр (дзяржаўны міністр) Манака Серж Тэль прапанаваў беларускаму боку арганізаваць візіт дзелавых колаў княства ў Беларусь пры падтрымцы Эканамічнага савета Манака (MEB). З такой прапановай прэм'ер звярнуўся да амбасадара Беларусі ў Францыі і Манака па сумяшчальніцтве Паўла Латушкі падчас сустрэчы з ім 25 студзеня, піша БелаПАН.

shutterstock_163640789.jpg

Сустрэча адбылася ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі Паўла Латушкі ў Манака, паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Францыі. Нагадаем, 15 студзеня стала вядома, што Паўла Латушку, які працаваў паслом у Францыі, Іспаніі, Партугаліі і Манака больш за шэсць гадоў, змяніў на гэтай пасадзе Ігар Фісенка, які да гэтага займаў пасаду начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС.
У ходзе сустрэчы Латушкі з Тэлем бакі адзначылі важнасць ўстанаўлення ў красавіку 2016 года дыпламатычных адносін Беларусі з Манака для актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах.
Асаблівую ўвагу суразмоўцы ў ходзе перамоваў надалі развіццю двухбаковага супрацоўніцтва ў галінах спорту, з улікам II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў чэрвені бягучага года, а таксама ў галіне турызму, з улікам авіярэйса Мінск-Ніца і ўвядзення бязвізавага ўезду да 30 дзён для грамадзян 74 краін свету, у тым ліку падданых Княства Манака. Абмеркаваны таксама праспекты супрацоўніцтва ў культурнай сферы.
Акрамя таго суразмоўцы закранулі пытанні, звязаныя з адкрыццём ганаровых консульстваў у мэтах надання імпульсу далейшага развіцця ўзаемадзеяння Беларусі з Манака.
Прэм'ер-міністр выказаў першаму ў княстве беларускаму амбасадару ўдзячнасць за працу, накіраваную на ўсталяванне дыпламатычных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Таксама адбылася сустрэча беларускага дыпламата з Рышардам Міланэзіа, дарадцам князя Манака Альбера II. Абмяркоўвалася развіццё адносін паміж дзвюма дзяржавамі з пачатку ўстанаўлення дыпламатычных адносін, а таксама намечаны далейшыя крокі па развіцці двухбаковага гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.
У якасці памятнага сувеніра пасол перадаў дарадцы карціну вядомага беларускага мастака Віктара Альшэўскага, прысвечаную ратушы Нясвіжа, які князь Манака Луі II (дзед Альбера II) наведаў ў 1935 годзе па запрашэнні князя Альбрэхта Радзівіла.
naviny.by