Прэм’ер Польшчы: Украінцы не могуць выключаць нападу з Беларусі

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў, што дзеянні расійскай арміі, у тым ліку, імаверны новы наступ на Кіеў, цалкам залежаць ад жадання Уладзіміра Пуціна даказаць свайму народу, што ён доўгатэрміновы гулец, які ніколі не здаецца.

Уладзімір Зяленскі і Матэўш Маравецкі ў Кіеве, 2022 г.

Уладзімір Зяленскі і Матэўш Маравецкі ў Кіеве, 2022 г.


«Мяркую, што план Пуціна і яго людзей, такіх, як і Валеры Герасімаў, яго новага галоўнакамандуючага расійскай арміяй, заключаецца ў тым, каб атачыць Украіну. І калі ён рыхтуе ўсе гэтыя планы, ён, напэўна, думае, што яму трэба атакаваць з двух бакоў або трох розных кірункаў. Таму я думаю, што ўкраінцы не могуць выключаць нападу з беларускай поўначы на Украіну, каб Кіеў быў аточаны з захаду», — сказаў Матэўш Маравецкі ў інтэрв’ю нямецкаму выданню Bild.

Кіраўнік польскага ўраду таксама мяркуе, што расійскае кіраўніцтва і камандаванне для ажыццяўлення новага наступу будуць чакаць спрыяльных умоў надвор’я, паколькі з-за мяккай зімы зямля непрыдатная для перамяшчэння цяжкіх танкаў і артылерыі.

«Таму Пуцін, напэўна, захоча пачакаць, пакуль высахне ўся гразь, балота і не вельмі падрыхтаваны грунт для наступу... З усёй інфармацыі, якую я маю з Украіны, я ведаю, што будзе яшчэ адзін расійскі наступ, магчыма, у сакавіку-красавіку, і гэта будзе вельмі цяжкі наступ», — дадаў Матэўш Маравецкі.

«Я думаю, што ён (Пуцін), на жаль, не толькі поўны нянавісці да Украіны, але ён хоча яшчэ раз паказаць свайму народу, што ён доўгатэрміновы гулец, які ніколі не здаецца, і ён зноў будзе атакаваць Кіеў. Так, у мяне такое апасенне», — патлумачыў ён.

Прэм’ер-міністр Польшчы нагадаў, што кіраўніцтва Расіі мабілізавала шмат новых салдат, «каля 200-250 тысяч».

«Нельга забываць, што рэсурсы Расіі сапраўды вялікія, а кішэні глыбокія. У іх шмат боепрыпасаў, шмат зброі і шмат людзей», — перакананы ён.

Польшча з пачатку вайны перадала Узброеным сілам Украіны танкі PT-91 Twardy уласнай вытворчасці — гэта асноўныя баявыя танкі ўзброеных сілаў краіны. ПТ-91 — мадэрнізаваны варыянт савецкага танка Т-72 з больш магутным рухавіком і сістэмай кіравання агнём.

Гэтая краіна стала адной з першых, якая заявіла аб намеры перадаць Украіны танкі Leopard.

Украінская выведка неаднаразова заяўляла, што не бачыць прыкметаў падрыхтоўкі новага наступу з тэрыторыі Беларусі. Гэтай думкі прытрымліваецца і амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). У сваёй апошняй справаздачы эксперты інстытуту канстатавалі, што Расія пачала інфармацыйную кампанію для падрыхтоўкі новых вайсковых рэйдаў у паўночна-ўсходнія раёны Украіны, але па-ранейшаму лічаць малаімаверным новы наступ расійскага войска з беларускай тэрыторыі.

Паводле Радыё Св*бода