Прынцыповае пытанне для ЕС
Вызваленне палітвязняў з’яўляецца перадумовай пачатку дыялогу Еўрапейскага саюза з афіцыйным Мінскам.
Пра гэта еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле ў чарговы раз заявіў падчас сустрэчы з намеснікам старшыні ПЦ «Вясна» Валянцінам Стэфановічам і старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной, якая праходзіла 5 снежня ў Брусэлі.
У межах візіту беларускіх праваабаронцаў у Брусэль, арганізаванага Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH), адбудзецца шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Еўрапейскага Парламенту і Еўрапейскай Камісіі.
Як распавёў Валянцін Стэфановіч, падчас сённяшняй сустрэчы з еўракамісарам Фюле адбылася дыскусія па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У першую чаргу, па праблеме палітычных зняволеных і пераследу прадстаўнікоў незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Праваабаронца падкрэсліў, што еўракамісар запэўніў, што вызваленне палітвязняў ЕС разглядае як перадумову пачатку дыялогу з афіцыйным Мінскам. «Спадар Фюле выказаў падтрымку ўсім праваабаронцам Беларусі, а таксама праваабарончаму цэнтру «Вясна», які, паводле яго слоў, працягвае працу ў такіх складаных умовах, асабіста Алесю Бяляцкаму і ўсім палітвязням», — дадаў Стэфановіч.
Пасля сустрэчы з Фюле Валянцін Стэфановіч і Жанна Літвіна сустрэліся з журналістамі вядучых СМІ, у тым ліку тэлеканала «Euronews» і Радыё «Свабода». На чарзе — сустрэча з прадстаўнікамі Еўрапарламента.
spring96.org