«Пуцін будуе не імперыю, а піраміду фараона»

Куды пойдзе Расія ў наступныя 6 гадоў? Ці вызначае гэта тон перадвыбарчай кампаніі? Ці збіраецца Расія ваяваць? Пра ўсё гэта ў Зоне Свабоды.

vojny_pucina_logo_1.jpg


У ёй удзельнічаюць Юры Дракахруст, вядоўца тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі, і Валянцін Жданко.

Гурневіч: Цімур, і расійцы, і беларусы, дзякуючы статусу расійскіх тэлеканалаў у Беларусі, могуць назіраць расійскую выбарчую кампанію. З аднаго боку, выбараў як бы і няма, прынамсі, усім зразумела, хто на іх пераможа. З іншага боку, тон кампаніі, тое, як яна вядзецца — у якой ступені гэта вызначае, што будзе ў Расіі пасля 18 сакавіка? Можа народ прагне менавіта гэтага — не заробкаў, не нармальнай медыцыны, не сумленных чыноўнікаў, а велічы сваёй краіны?

Алеўскі: Думаю, што не. Цяпер людзі жадаюць мець як раз якасную медыцыну і каб плацілі паболей грошай, таму што ідзе жабрацтва. Перадвыбарчая кампанія — гэта шоў. Яно скончыцца і ўсе пра гэта забудуць. Пасля 18-га сакавіка будзе зусім неістотна, хто і як плакаў у студыі на дэбатах. Проста зменіцца сетка тэлевяшчання. Дзякуючы гісторыі з атручваннем у Солсбэры я зразумеў, што змянілася ў Расіі. Да гэтага часу была група людзей, якая назірала за падзеямі збоку, як людзі з унутранай міграцыі, якія маглі сабе дазволіць глядзець на супрацьстаянне Расіі і Захаду і казаць «Вы звар’яцелі». Цяпер іх няма, гэтая вайна паміж Расіяй і Захадам датычыць кожнага. Усе сталі часткай супрацьстаяння. Усім давядзецца аб’яднацца вакол Пуціна.

Гурневіч: А навошта аўтарытарныя лідары ладзяць перад выбарамі такія спектаклі? Выбараў няма, яны гэта ведаюць хіба не лепш за ўсіх. А чаму паводзяць сябе так, нібыта ёсць?

Дракахруст: Гэта сапраўды рытуал, але ён не пусты. Гэта чарговая каранацыя. Хто выйграе каранацыю — вядома, але нельга сказаць, што каранацыя — гэта нішто. Новы цар і людзям цікава, а што ён прынясе.

Алеўскі: Вы кажаце — каранацыя, а мне падаецца, што гэта провады.

Дракахруст: Магчыма і провады, але ў апошні раз. І ўсё ж такі ўзнікае пытанне: а з чым гэты сыдзе? Парадокс палягае ў тым, што аўтарытарныя кіраўнікі на выбарах, якія не выбары, часам паводзяць сябе так, нібыта гэта выбары. Яны павінна паказаць, што заваёўваюць народную любоў. Памятаеце, як у Шалкевіча: «Куда жэ цяпер, о ядры её маму, краіну сваю павяду?». І на гэтае пытанне даводзіцца адказваць. Пуцін паказвае свае ракеты, каб паказаць народу, які ён абаронца, які ён круты. Агулам кажучы, перад пачаткам выбараў ён мог упасці ў спячку ў Крамлі і спаць. Ён бы перамог іх і так. Але асаблівасці рытуалу змушаюць паказваць сябе, як электаральнага змагара.

Гурневіч: Валянцін, вы нядаўна напісалі блог пра наведванне ў Маскве мемарыялу ахвярам сталінскага тэрору. Істотнае адрозненне ад Беларусі — у Расіі такія помнікі адкрываюць, на цырымоніі адкрыцця помніку ўдзельнічалі прэзідэнт і патрыярх. Пра Беларусь вельмі часта кажуць — рэлікт СССР, «савок». А пра Расія так можна сказаць? Яна робіцца ідэалагічна больш ці менш савецкай? У чым больш, у чым менш?

Жданко: Расія становіцца меней савецкай, але значна больш імперскай. Будучы ў Маскве, я наведаў гэты мемарыял. Уявіць такі мемарыял у Менску сёння — немагчыма. Апошні раз я быў у Маскве 30 гадоў таму і гэтым разам доўга яе вывучаў, гуляў у ваколіцах Крамля. Я ўбачыў пантэон расійскіх імператараў. Гэта помнікі, якія паўсталі ў пуцінскую эпоху. Гэты пантэон складаецца з цароў, якія былі заваёўнікамі, якія пашырылі межы расійскай імперыі. Велічныя манументы Пятру І, Аляксандру І, Аляксандру ІІ. Летась паставілі помнік Уладзіміру Хрысціцелю. Гэта арыенціры і сімвалы пуцінскай эпохі, тое, на што ён арыентуецца ў гісторыі. Людзі, якія памятаюць СССР, павінны былі б памятаць помнік Леніну на фоне сініх елак. Гэтага помніку ўжо няма. Яго перавезлі ў Горкі, дзе Ленін памёр. Гэта ёсць ідэалагічны курс, якім рухаецца сённяшняя Расія. Для Беларусі гэты курс нічога добрага не нясе. Сёлета спаўняецца 4 гады ад анэксіі Крыму. У Пуціна застаецца час, каб паставіць яшчэ адну кропку ў сваім цараванні. Для былых імперскіх ускраін, сённяшніх незалежных дзяржаваў, гэта не азначае нічога добрага.

Алеўскі: Пуцін не будуе імперыю, ён ужо яе пабудаваў. Цяпер Пуцін будуе піраміду фараона, якая павінна застацца пасля яго смерці. Усім ужо ясна, што Пуцін — гэта назаўсёды, да смерці.