Расійскі эксперт: Еўропу чакае вайна. Усё пачнецца з «мяцяжа» ў Беларусі

Паводле Расціслава Ішчанкі, канфлікт пачнецца з атакі ўкраінскіх «нацыяналістаў», якія адразу пасля прэзідэнціх выбараў рушаць у бок беларускай мяжы.



article_big.jpg

Кіраўнік расійскага Цэнтру сістэмнага аналізу і прагназавання апублікаваў на сайце расійскага інфармацыйнага агенцтва ria.ru жахлівы сцэнар развіцця падзеяў падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ў лістападзе 2015 г.

Ішчанка піша, што ЗША рыхтуе каляровую рэвалюцыю ў Беларусі. Паводле Ішчанкі, беларускае кіраўніцтва «расслабіцца», бо ў Кыргызстане пачнуцца масавыя акцыі пратэсту (у лістападзе 2015 г. Кыргызстане пройдуць парламенцкія выбары), а ЗША ніколі не арганізоўвалі «дзве каляровыя рэвалюцыі запар».

У такой сітуацыі «ў мяцежнікаў ёсць шанец», лічыць Ішчанка.

«У апошнія 4 – 5 гадоў Беларусь абзавялася нацыкамі, праеўрапейскай моладдзю, а дзяржструктуры перыядычна пачалі гуляцца ў шматвектарнасць. Канешне, усё гэта не адбываецца з такім размахам, як на Украіне, але і ў Беларусь драбнейшая, і стаўкі з 2013 г. узраслі, што мяцежнікі могуць паспрабаваць адным ударам падрыхтаваных штурмавых атрадаў баевікоў захапіць кантроль над сталіцай, паралізаваць уладу. Патэнцыйныя беларускія мяцежнікі могуць атрымаць дапамогу з Украіны — некалькі батальёнаў нацы, якія нікому не падпарадкоўваюцца, могуць рушыць праз мяжу», — піша кіраўнік расейскага Цэнтру сістэмнага аналізу і прагназавання.

Калі ж «мяцеж» пераможа, то ў Беларусі ўсталюецца «нацысцкі рэжым». Праўда, эксперт лічыць гэта малаверагодным. Ён верыць, што сілавыя структуры «за некалькі гадзінаў» разбяруцца з «путчыстамі» і нагадвае, што Расія заўсёды дапаможа Беларусі.

«Беларусь — сябра Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), і краіны-ўдзельніцы дамовы, у выпадку атакі ўкраінскіх узброеных фармаванняў, атрымаюць бясспрэчную нагоду, каб увайсці на тэрыторыю Украіны і пры гэтым не быць агрэсарам. ЗША акурат гэта і патрэбна, каб Расія афіцыйна апынулася ў стане вайны з Украінай. …У ідэале, калі пераварот атрымаецца, ЗША ў дадатак да нацысцкага рэжыму на Украіне атрымае аналагічны і ў Беларусі. Калі не, то можна спадзявацца хаця б на вайну. Прычым у канфлікт пастараюцца ўцягнуць Прыбалтыку, Польшчу і Румынію», — рэзюмуе Ішчанка.