Расійскія самалёты-знішчальнікі парушылі паветраную прастору Швецыі

Чатыры самалёты нешта рабілі ля вострава Готланд, што між Скандынаўскім паўвостравам і Латвіяй, на поўнач ад Калінінградскай вобласці.

Расійскія знішчальнікі. Фота: РІА «Новости»

Расійскія знішчальнікі. Фота: РІА «Новости»

Узброеныя сілы Швецыі вечарам 2 сакавіка заявілі, што задакументавалі парушэнне шведскай паветранай прасторы чатырма расійскімі самалётамі: двума Су-27 і двума Су-24. Інцыдэнт адбыўся на ўсход ад вострава Готланд. Вайскова-паветраныя сілы Швецыі «правялі аперацыю» з самалётам «Saab JAS 39 Gripen».
Што там рабілі расійскія вайсковыя самалёты, невядома. Але Швецыя паставілася да здарэння «вельмі сур’ёзна на тле сітуацыі, што склалася».
«Гэта сведчыць пра добрую падрыхтаванасць, — сказаў пра фіксацыю парушэння камандзір Вайскова-паветраных сіл Швецыі Карл-Юган Эдстром. — Мы былі на месцы, каб забяспечыць тэрытарыяльную цэласнасць і бяспеку межаў Швецыі. Мы цалкам кантралюем сітуацыю».
Востраў Готланд лічыцца ў Швецыі тэрыторыяй пад пагрозай з боку Расіі. Яшчэ ў канцы студзеня Швецыя ўзмацніла там захады бяспекі праз вайсковую актыўнасць Расіі ў рэгіёне — тады праз скандынаўскія пратокі прайшлі тры дэсантныя караблі Расіі. Швецыя не ўваходзіць у NATO, але ў сувязі з расійскім ультыматумам да NATO і краін Захаду перайшла да паглыбленага абмену звесткамі з альянсам.