«Разбіральніцтваў не было ўвогуле». Экс-адвакат Віктара Бабарыкі пра пазбаўленне палітыка юрыдычнай дапамогі
Чорная паласа для адвакатаў Віктара Бабарыкі працягваецца. На сёння выключэнне з калегіі адвакатаў і пазбаўленне ліцэнзіі пагражае Наталлі Мацкевіч і Яўгену Пыльчанку. Раней адвакацкай ліцэнзіі былі пазбаўленыя абаронцы палітыка Аляксандр Пыльчанка і Дзмітрый Лаеўскі. Такім чынам Віктар Бабарыка застаецца цалкам без юрыдычнай дапамогі.
Сёння адбыўся прэс-брыфінг з удзелам прадстаўніка штаба Віктара Бабарыкі Максіма Баграцова і экс-адваката Дзмітрыя Лаеўскага. Падчас брыфінгу прадстаўнікі дэмакратычнага руху далі каментары наконт таго, што адбываецца ў дачыненні да адвакатаў Віктара Бабарыкі і чым гэта можа пагражаць былому кандыдату на прэзідэнта ў калоніі.
Дзмітрый Лаеўскі распавёў пра абставіны дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да Наталлі Мацкевіч і Яўгена Пыльчанка:
«12 і 20 кастрычніка былі ўзбуджаныя дысцыплінарныя вытворчасці ў дачыненні да адвакатаў Мацкевіч і Пыльчанка. Адначасова з гэтым, без аніякіх разбіральніцтваў, абодва адвакаты былі адхіленыя ад сваёй працы. То-бок раптам аказанне юрыдычнай дапамогі Віктару Бабарыку было цалкам спыненае. Падставы, якія былі выкарыстаныя ў якасці пачатку дысцыплінарнай вытворчасці, абсалютна абсурдныя. Напрыклад, Наталлі Мацкевіч ставіцца ў віну тое, што яна неяк няправільна фармулявала пытанні для сведкі падчас судовага паседжання. Пераслед адвакатаў носіць штучны характар, ён адназначна скіраваны на прычыненне шкоды правам і гарантыям палітвязня Віктара Бабарыкі. Права на юрыдычную дапамогу — гэта канстытуцыйнае права, якое павінна стаяць вышэй за меркаванне чыноўнікаў, у тым ліку міністра юстыцыі. Атрымліваецца, што дзяржаўны орган раптоўна спыніў магчымасць Віктара Бабарыкі рэалізоўваць яго канстытуцыйнае права. Разбіральніцтваў не было ўвогуле. Міністр выдае загад і адвакатаў інфармуюць, што яны больш не могуць аказваць юрыдычную дапамогу».
Адной з асноўных прычын для пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі абаронцаў палітыка Дзмітрый Лаеўскі называе рэальную магчымасць абскардзіць прысуд, па якім Бабарыка быў скіраваны ў калонію: «Калі мы рыхтавалі скаргу на прысуд, то выявілі цалкам абуральныя парушэнні ў справе Віктара Бабарыкі. Нават ва ўмовах адсутнасці права існуе верагоднасць перагляду прысуду альбо запуску пэўных працэсаў у гэтых кірунках. Ёсць абставіны, якія было б вельмі цяжка праігнараваць».
Таксама экс-адвакат Віктара Бабарыкі адзначыў шэраг прычынаў, па якіх адвакаты Мацкевіч і Пыльчанка нікім не могуць быць замененыя:
«Па-першае, беларускае заканадаўства і міжнароднае права гарантуюць права на юрыдычную дапамогу, якое прадугледжвае магчымасць выбіраць абаронцу. Асабліва гэта датычыцца тых, хто знаходзіцца пад крымінальным пераследам. Адвакаты Мацкевіч і Пыльчанка маюць вельмі высокі ўзровень кампетэнцыі, што само па сабе робіць іх незаменнымі для падабароннага. Па-другое, паміж Віктарам Бабарыкам і яго адвакатамі склаліся даверлівыя адносіны, а для гэтага патрэбны даволі доўгі час. Трэцяе: крымінальная справа, якую разглядаў суд, складае больш за 120 тамоў. Таму нескладана зразумець, што два адвакаты, якія дасканала ведаюць усе дэталі гэтай справы, нікім не могуць быць замененыя. І апошняе: існуе зыходная справа, з якой вылучалася справа, па якой прайшоў так званы судовы працэс над Віктарам Бабарыкам. Напрыклад, Эдуард Бабарыка ўтрымліваецца пад вартай як абвінавачаны менавіта па гэтай зыходнай справе. Таксама па ёй у любы момант можа з’явіцца неабходнасць абароны правоў, інтарэсаў Віктара Бабарыкі. Таму патрэбныя адвакаты, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў следчых дзеяннях па гэтай справе і ведаюць яе дакладныя абставіны».
Дзмітрый Лаеўскі падкрэсліў, што сёння паўплываць на сітуацыю з абаронай правоў Бабарыкі могуць дзве групы людзей: «Першая — гэта дысцыплінарная камісія Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якая разглядае дысцыплінарную вытворчасць, узбуджаную міністэрствам юстыцыі. У дысцыплінарнай камісіі ёсць інструменты для абароны адвакатаў Віктара Бабарыкі. Другая група людзей — гэта журналісты, якія могуць распаўсюдзіць інфармацыю пра несправядліваць у дачыненні да адвакатаў Бабарыкі і самога палітвязня. Таму што на сёння сітуацыя крытычная. Калі яшчэ два адвакаты Віктара Бабарыкі будуць пазбаўленыя ліцэнзіі, то можна сабе ўявіць, які эфект гэта зробіць на ўсіх адвакатаў, што застаюцца працаваць у краіне. Гэта будзе знак таго, што Міністэрства юстыцыі можа ў любы момант любога адваката адхіліць ад прафесійнай дзейнасці. Такім чынам іх кліенты застануцца без апошняга інструмента аспрэчвання неправамерных прэтэнзій дзяржаўных абвінаваўцаў.
Прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі Максім Баграцоў дадаў: «Гаворка ідзе не толькі пра Віктара Бабарыку, але пра нашу агульную прававую сістэму. У гэтай прававой сістэме ніколі не ведаеш, каму наступнаму спатрэбіцца дапамога адваката. Віктар Бабарыка — "першая ластаўка", і калі нешта адбываецца з ім, з вялікай верагоднасцю далей падобнае будзе адбывацца з многімі. Гэта датычыцца ўсіх, у тым ліку людзей, якія сёння працуюць ва ўладзе».
Напрыканцы сустрэчы Дзмітрый Лаеўскі распавёў пра апошнія навіны ад Віктара Бабарыкі:
«Ужо цягам тыдня адвакаты не могуць трапіць да Віктара Бабарыкі з прычыны таго, што іх дзейнасць спыненая. З апошніх вядомых навін: ёсць праблема, звязаная з камунікацыяй Віктара Бабарыкі з яго роднымі. Былі запланаваныя некалькі тэлефанаванняў, але яны не адбыліся. Мы спрабуем высветліць, чаму. Тыя, каму ён мусіў тэлефанаваць, дакладна чакалі. Лісты Віктар Бабарыка атрымлівае, але іх передаюць некалькі разоў у месяц. Таксама была пэўная праблема з высокай тэмпературай у пякарні, дзе ён працаваў. Пасля звароту абароны прыехала камісія, якая абследавала памяшканне пякарні. На сёння ёсць адказ гэтай камісіі, што быццам бы ўмовы працы адпавядаюць нормам. Але зноў жа, з прычыны спынення адвакацкай дзейнасці мы не можам даведацца, якія канкрэтна мерапрыемствы былі праведзеныя і якім стандартам гэтыя ўмовы адпавядаюць. З пункту гледжання бытавых умоваў — яны звычайныя, як у астатніх вязняў. З гэтым сітуацыя больш-менш роўная».
Паседжанне дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў па справе Наталлі Мацкевіч і Яўгена Пыльчанкі адбудзецца на гэтым тыдні.