Рыгор Кастусёў: Ва ўлады цалкам адсутнічаюць аргументы для дыскусіі
Выкарыстанне Макеем слова «фашызм» скіравана выключна на запалохванне беларусаў.
Прадстаўнікоў апазіцыі міністр замежных спраў Уладзімір Макей абвінаваціў у імкненні разбурыць дзяржаву і ў «фашысцкіх» настроях. «Санкцыі, прыбраць, знішчыць, змесці і гэтак далей і таму падобнае… Я перакананы: у выпадку прыходу такіх людзей да ўлады гэта будзе фашысцкая дэмакратыя», — заявіў міністр.
Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначае ў каментары Радыё Рацыя, што выкарыстоўванне Макеем слова «фашызм» робіцца, каб запужаць беларусаў і азначае адсутнасць аргументаў.
— Менавіта ўсталяваўшыся ў Беларусі ўладны рэжым цалкам адпавядае, або нават пераўзышоў па многіх пазіцыях фашысцкі рэжым на пачатку 30-х гадоў. Гэта ўжо спроба пабудовы канцлагераў на тэрыторыі Беларусі. Гэта арышты невінаватых людзей у любы час, у любым месцы на вуліцах гарадоў, пасёлкаў, сельскіх населеных пунктаў нашай краіны.
Паводле апошніх даных праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі ўжо налічваецца 220 палітычных зняволеных.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя