Рыгор Кастусёў заявіў пра небяспеку перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным у Сочы

Паводле старшыні БНФ, Лукашэнка імкнецца здабыць у Расіі матэрыяльную падтрымку дзеля ўтрымання цяперашняга рэжыму, які не мае даверу народа і трымаецца адно на сіле прымусу і расійскіх датацыях. Аднак у абмен на падтрымку Крэмль патрабуе ад Мінска незваротных крокаў па падпарадкаваньні Беларусі знешняму кантролю.

e1340b637b95732b805e4c45cc79b431.jpg

Пра гэта лідар Партыі БНФ заявіў у сваім дакладзе аб палітычнай сітуацыі, выступаючы на Сойме Партыі БНФ, які адбыўся 20 лютага ў Мінску:
- Лукашэнку патрэбныя крэдыты, паколькі старая расійская падтрымка ўжо праедзеная. Становішча ў эканоміцы надзвычай дрэннае, таму тэрмінова патрэбныя грошы – па іх Лукашэнка і едзе ў Сочы, бо цяпер апроч як у Расіі крэдытаў яму ніхто не дасць. Еўрапэйскія крэдытныя лініі зачыненыя з-за ўнутранай палітыкі рэпрэсіяў, выкалачваць грошы з бізнэсу і насельніцтва да бясконцасці немагчыма, а з Пуціным можна дамовіцца на новую падтрымку, ці, прынамсі, на растэрміноўку ранейшых крэдытаў. Але пытанне – які будзе кошт такой дамовы для беларускага народа і беларускай дзяржавы.
Адрозненне цяперашняй сітуацыі ў тым, што Расіі цяпер мала завярэнняў ў братэрстве і саюзніцкіх стасунках – ім патрэбныя рэальныя саступкі, у тым ліку рэальныя кавалкі беларускага сувэрэнітэту. Іх мэта кантраляваць не толькі цяперашнюю Беларусь (што ажыццяўляецца надзейна менавіта праз прарасійскую палітыку Лукашэнкі) але і важней – кантраляваць будучыню нашай краіны.
Расія пасля Крыму адчувае патрэбу ў новых тэрытарыяльных захопах – і Беларусь, відавочна, адзін з патэнцыйных напрамкаў захопніцкай экспансіі.
Але таксама ў Расіі разумеюць, што любыя подпісы Лукашэнкі пад дакументамі і ягоныя абяцанні нічога не вартыя, не легітымныя ў вачах беларускага народу – і здача суверэнітэту Лукашэнкам ніколі не будзе прызнаная за законны крок. Таму яны хочуць, каб Лукашэнка не проста здаваў кавалкі беларускай незалежнасці, але рабіў гэта такім чынам, каб была забяспечаная бачнасць дэмакратычнасці і законнасці, што б дазволіла забяспечыць кантроль над краінай і пасля сыходу Лукашэнкі. Магчыма, гэта могуць зрабіць праз змены ў Канстытуцыі праз рэфэрэндум – ужо былі гаворкі з вуснаў міністра замежных справаў, што замацаванае ў Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту можна і прыбраць.
У вачах Лукашэнкі Канстытуцыя, таксама як і любы закон – гэта нікчэмная паперка, ён яе неаднаразова нахабна парушаў, перапісваў пад сабе, нават тую рэдакцыю, якую яму ў 1996 годзе напісалі. Таму ёсць небяспека, што ён бяздумна пагодзіцца на інсцэніроўку канстытуцыйнай рэформы і замацаванне ў канстытуцыі падпарадкаванага статусу Беларусі як расійскай калоніі, пагадзіўшыся на гэта ў абмен на падтрымку цяперашняга рэжыму ў гэты складаны для яго момант.
Аляксандр Лукашэнка хутчэй за ўсё ўжо пагадзіўся на падпісанне той 31-й сакрэтнай дарожнай мапы, пра якую стала вядома год таму. Падпісанне гэтай дарожнай мапы пацягне за сабой вельмі негатыўныя наступствы для Беларусі. Ужо вядома, што падрыхтаваныя дакументы на працяг размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектаў (станцыі сувязі і радыёлакацыйнай станцыі). Цалкам верагодна, што ў бліжэйшы час паўстане пытанне пра прыняццё адзінай валюты – расійскай валюты на тэрыторыі Беларусі, адмова ад эканамічнага суверэнітэту. Ёсць меркаванне, што разглядаюцца пытанні па размяшчэнню двух паўнавартасных вайсковых базаў Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі, датычных як авіяцыі, так і сухапутных, танкавых войскаў.
Сітуацыя надзвычай сур’ёзная, і пагроза для незалежнасці Беларусі цяпер як ніколі вялікая, – сказаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Паводле прэс-рэліза