Салігорскага мэра затрымалі за хабар проста на трасе
У аўторак супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь на аўтамабільнай дарозе каля в. Камень Капыльскага раёна ў момант атрымання хабару быў затрыманы старшыня Салігорскага райвыканкама Аляксандр Рымашэўскі, паведамляе прэс-служба міліцыі.
Затрымалі чыноўніка з доказамі злачынства, адзначаецца ў прэс-рэлізе, у момант атрымання хабару памерам 2,7 тыс. даляраў ЗША. Паводле дадзеных аператыўнікаў, старшыня Салігорскага райвыканкама на працягу доўгага часу злоўжываў уладай і службовымі паўнамоцтвамі пры вырашэнні пытанняў па закупцы сродкаў аховы раслін, насення і запасных частак для сельгастэхнікі аграпрамысловых прадпрыемстваў і арганізацый Салігорскага раёна.
Па дадзеным факце Следчым камітэтам заведзена крымінальная справа па ч. 3 арт. 430 КК Рэспублікі Беларусь («Атрыманне хабару»).
Яго санкцыя прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Як паведамілі ў ГУБАЗіК МУС, А. Рымашэўскі сістэматычна атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за вырашэнне пытанняў аб першачарговым пагашэнні запазычанасцяў мясцовых аграпрадпрыемстваў па разліках за пастаўленую прадукцыю. Гэтая інфармацыя ў цяперашні час правяраецца.
Паводле Нашай Нівы