Саннікаў і Някляеў: “Гэта не выбары!”

Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў, якія 18 снежня правялі прэс-канферэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў, далі ацэнку палітычнай кампаніі пад назвай “выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заявілі пра мірны характар плануемых вулічных акцый, а таксама заклікалі міжнародную супольнасць не прызнаваць выбары дэмакратычнымі і справядлівымі.



845f3cb43a07259b2e4724dfa5c5c0d1.jpg

Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў, якія 18 снежня правялі прэс-канферэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў, далі ацэнку палітычнай кампаніі пад назвай “выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заявілі пра мірны характар плануемых вулічных акцый, а таксама заклікалі міжнародную супольнасць не прызнаваць выбары дэмакратычнымі і справядлівымі.
Лідэр грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду! паэт Уладзімір Някляеў адзначыў, што выбарчая кампанія ўваходзіць у сваю завяршальную і вырашальную стадыю.
“Нядзеля – асноўны дзень галасавання. Усё, што было да гэтага часу і што ўлада імкнулася падаць як дэмакратызацыю выбарчага працэса, не мае ніякага дачынення да заўтрашняга дня, накіраванага на тое, каб пакінуць пры ўладзе шляхам фальсіфікацый і махінацый, ілжы і хітрыкаў таго чалавека, які з 20 ліпеня 1999 году не з’яўляецца легітымным, які не мае права займаць пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які не мае права ўдзельнічаць у гэтых прэзідэнцкіх выбарах, - заявіў Уладзімір Някляеў. – У перыяд перад самымі выбарамі, калі выбаршчыкі вырашаюць, за каго ім аддаваць галасы, усе кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, за выключэннем толькі аднаго, адхілены ад дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Мы не можам супрацьстаяць той ілжы, якая льецца на нас, не можам пераканаць выбаршчыкаў у тым, што яны павінны галасаваць супраць гэтага рэжыма, за кагосьці з дэмакратычных кандыдатаў. Ужо толькі па гэтай прычыне гэтыя выбары не свабодныя, не справядлівыя, а значыць, не могуць быць прызнаны.     
Па словах Уладзіміра Някляева, ні ў воднай выбарчай камісіі няма прадстаўнікоў ініцыятыўных груп альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, якія маглі б адстойваць інтарэсы апанентаў дзеючага кіраўніка дзяржавы, у складзе ўсіх выбарчых камісій менш за паўпрацэнта прадстаўнікоў апазіцыі, і таксама таму выбары не могуць лічыцца дэмакратычнымі. Палітык звярнуў увагу на тое, што ні ў адной дэмакратычнай краіне датэрміновае галасаванне не працягваецца пяць дзён, але менавіта ў гэты час улады маюць цудоўную магчымасць для фальсіфікацый волевыяўлення грамадзян.
“У нас ёсць доказы такіх фальсіфікацый, якія мы маем намер перадаць у БДІПЧ АБСЕ, у парламенты замежных краін, усім тым, хто назірае за гэтымі выбарамі, - паведаміў кандыдатў у прэзідэнты. - У нядзелю, пасля дваццатай гадзіны, калі сканчаецца час галасавання, мы сустракаемся на Плошчы – гэта наш адзіны сродак супрацьстаяння фальсіфікацыям, і мы будзем патрабаваць новых выбараў – выбараў без Лукашэнкі. Гэта будзе мірны пратэст, і ўлады абавязаны ацэньваць гэты пратэст як мірны, і павінны ўсведамляць, што народ мае права на гэты мірны пратэст.
Яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў выказаў сваё стаўленне да арганізатараў выбараў – Цэнтральнай камісіі па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў на чале з Лідзіяй Ярмошынай. “Мы патрабавалі вызваліць Лідзію Ярмошыну ад яе пасады, бо з яе маўклівай згоды на ўсіх выбарах адбываюцца  фальсіфікацыі. Ніякай рэакцыі на нашы патрабаванні не было, а мы і не чакаем, што механізм фальсіфікацый спыніцца, - адзначыў лідэр грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь. - Ён запушчаны, і ўсё робіцца дзеля таго, каб дыктатар застаўся пры ўладзе. Фальсіфікацыя вынікаў выбараў – гэта злачынства, і злачынства сур’ёзнае.  Народ пазбаўляюць яго голаса, і адзіны шлях адстаяць нашы галасы – гэта наша Плошча.
Абодва кандыдаты заявілі, што ні ў якім выпадку не трэба паддавацца на правакацыі, якія могуць быць зарганізаваны ўладамі, таксама кандыдаты не збіраюцца накіроўваць людзей на БТРы, якія, па сведчаннях некаторых журналістаў, ужо сцягваюцца да Мінска.
Што да астатніх дэмакратычных кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, то ўдзельнікі прэс-канферэнцыі падкрэслілі, што з імі таксама ёсць кантакт і вядзецца абмеркаванне магчымых сцэнароў Плошчы. І Някляеў, І Саннікаў падкрэслілі, што ў традыцыях сучаснай Беларусі пратэсты могуць быць толькі мірнымі, а тыя, хто кажа пра сілавыя і гвалтоўныя варыянты – сапраўдныя правакатары, да якіх, па словах палітыкаў, адносяцца і дзяржаўныя мас-медыя, якія ўжо некалькі дзён нагнятаюць істэрыю і атмасферу запалохвання грамадзян краіны і тых, хто прыехаў сюды напярэдадні найважнейшай палітычнай падзеі пяцігоддзя.