«Сіметрычнага адказу» не будзе». Вялікабрытанія пакідае свайго пасла ў Беларусі

Амбасадар Беларусі ў Аб’яднаным каралеўстве Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірландыі Максім Ермаловіч 29 ліпеня быў адкліканы дамоў. Міністэрства замежных справаў Беларусі адзначыла, што гэта не разрыў дыпламатычных стасункаў — каналы камунікацыі застаюцца. Новага не прызначаюць. Казалі, прызначаць «пасля заканчэння сёлетняга ўнутрыпалітычнага шоу і з’яўлення ў брытанскім урадзе адказных палітыкаў».

Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Менску Джаклін Пэркінз. Фота: belarusfeed.com

Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Менску Джаклін Пэркінз. Фота: belarusfeed.com

Звычайна паніжэнне ўзроўню дыпламатычнай прысутнасці адбываецца сіметрычна: раз адзін бок адклікаў амбасадара, адклікае і другі. А ў Менску дагэтуль працуе брытанская амбасадарка Джаклін Пэркінз (Jacqueline Perkins). Ці будуць яе адклікаць?
Амбасада Аб’яднанага каралеўства адказала «Белс*ту»: на гэты час Вялікая Брытанія «не мае намеру» адклікаць амбасадарку.
«Падтрыманне адносінаў на амбасадарскім узроўні мае важнае значэнне для адкрытага дыялогу падчас складанай сітуацыі ў міжнародных адносінах, – тлумачаць у амбасадзе. – Вялікая Брытанія працягне актыўна прызываць да адказнасці ў Беларусі».
Чаму адкліканне беларускага амбасадара не перарасло ў нешта большае, невядома. Як няма і пэўнасці, чаму адклікалі Ермаловіча. Фармальныя прычыны, паводле прэс-сакратара МЗС, такія: санкцыі, абмежаванне працы дзяржаўных медыяў, «беспадстаўная» забарона на палёты «Белавіі», нявыдача беларускім дэпутатам візаў для наведвання паседжання Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
На думку аналітыка Арцёма Шрайбмана, Ермаловіча адклікалі толькі каб прызначыць на месца, якое вызвалілася ў адміністрацыі Лукашэнкі, а новага амбасадара Брытанія ўсё роўна б не прыняла, бо тады трэба было б прызнаць Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі.
Шрайбман бачыць такую схему. Амбасадар у Расеі Уладзімір Сямашка «даўно прасіўся на пенсію». Яго адправілі ў адстаўку, вырашылі замяніць Дзмітрыем Крутым, які ў апошнія гады быў адказным за «паглыбленне інтэграцыі». Крутой жа быў намеснікам старшыні адміністрацыі Лукашэнкі – і быў там «рыначнікам» у процівагу намеснікам з «прасавецкімі поглядамі». Таму на вольнае месца Крутога паставілі Ермаловіча, бо ён якраз «рыначнік», у вернасці якога можна не сумнявацца.