Сябры БХД збіраюць подпісы супраць расійскіх каналаў

Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі абураныя «неаб'ектыўным асвятленнем драматычных падзей ва Украіне тэлевізійнымі каналамі Россия-1, Россия-24, Russia Today і іншымі расійскімі тэлеканаламі, якія трансліруюцца ў нашай краіне», распачалі збор подпісаў з мэтай спыніць вяшчанне найбольш заангажаваных тэлепраграм.



kiselev_pepel.jpg

У прыватнасці, у складзеных зваротах патрабуецца: 
 — Спыніць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вяшчанне, уключаючы вяшчанне па кабельным тэлебачанні, тэлепраграм «Нядзельны вечар», «Спецыяльны карэспандэнт», «Весткі тыдня», «Прамы эфір» на тэлеканале РТР-Беларусь (Расія-1), іншых інфармацыйна-палітычных тэлепраграм і навінавых выпускаў ўсіх расійскіх тэлеканалаў у частцы інфармацыі пра падзеі ва Украіне; 
 — Ініцыяваць афіцыйны зварот Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь: да Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай прыняцця міністэрствам мер рэагавання, да праваахоўных органаў Расіі ў парадку артыкула 354 КК РФ «Публічныя заклікі да развязвання агрэсіўнай вайны», а таксама да міжнародных арганізацый з мэтай распачынання крымінальнага пераследу расійскіх тэлежурналістаў Дзмітрыя Кісялёва, Уладзіміра Салаўёва, Аркадзя Мамантава, Барыса Карчэўнікава і іншых асоб;
 — Прыняць неабходныя меры для больш хуткай арганізацыі вяшчання на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аднаго дзяржаўнага або некалькіх найбуйнейшых тэлеканалаў Украіны, беларускага незалежнага тэлеканала «Белсат», расійскага тэлеканала «Дождь»;
 — У самыя кароткія тэрміны  — адзін месяц  — арганізаваць грамадскія слуханні па дадзенай праблеме з прадстаўнікамі ўсіх структур, на імя якіх мы накіроўваем дадзены зварот, а таксама з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадскасці.
Зварот накіраваны ў Генеральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі.
Прэсавая служба БХД