Сяргей Ціханоўскі з турмы: «У Беларусі — рэвалюцыя чалавечнасці»

Беларускі блогер і палітвязень Сяргей Ціханоўскі з турмы даў кароткае інтэрв'ю DW, у якім падзяліўся думкамі наконт палітычнай сітуацыі ў краіне.

Беларускі відэаблогер Сяргей Ціханоўскі

Беларускі відэаблогер Сяргей Ціханоўскі

Беларускі відэаблогер, аўтар Youtube-канала "Краіна для жыцця" і палітвязень Сяргей Ціханоўскі 30 снежня змог перадаць адказы на некалькі пытанняў Deutsche Welle, у якіх падзяліўся сваім стаўленнем да падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. Ужо больш за паўгода блогер утрымліваецца пад вартай па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, перашкодзе ажыццяўленню выбарчага права, а таксама распальванні сацыяльнай варожасці.

 

Ціханоўскі: рэвалюцыя ў Беларусі не затухне сама па сабе 

Палітычную сітуацыю ў Беларусі, дзе ўжо больш за чатыры месяцы не спыняюцца пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, Сяргей Ціханоўскі ахарактарызаваў не інакш як рэвалюцыяй. "У Беларусі — рэвалюцыя чалавечнасці, грамадзянскай супольнасці і справядлівасці. Рэвалюцыя — гэта працэс, і ён не затухне сам па сабе", — кажа відэаблогер.

Адказваючы на пытанне аб тым, чаму пратэсты так і не прывялі да жаданага выніку —адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, Ціханоўскі адзначае, што ў Беларусі былі ізаляваныя ўсе лідары і абезгалоўленая апазіцыя. "Аднак новыя лідары з'явяцца ў кожным двары. Зыход сітуацыі залежыць выключна ад нашага народа", — мяркуе блогер.

Сяргей Ціханоўскі таксама ведае пра падрыхтоўку VI Усебеларускага народнага сходу. "Калі запрашаюць на Усебеларускі народны сход, то туды трэба прыйсці ўсім, а не толькі прыхільнікам Лукашэнкі", — лічыць Ціханоўскі. Таксама блогер анансаваў віншаванне са святамі ў тэлеграм-канале "Краіна для жыцця".

Цяпер беларускую апазіцыю ўзначальвае жонка Сяргея, экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, якая ставіць за мэту арганізаваць новыя дэмакратычныя выбары ў краіне. І хоць першапачаткова Ціханоўскі сам хацеў удзельнічаць у выбарах, у сітуацыі, якая склалася, як заявіў блогер DW, ён хутчэй будзе мужам прэзідэнта.