Кацярына Андрэева: Чамусьці не пакідае ўпэўненасць, што перамога ўжо здабытая намі
Ад журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай, якая знаходзіцца за кратамі ўжо 47 дзён, прыйшло некалькі лістоў – мужу, калегам, а таксама проста неабыякавым людзям.

«Аб справядлівасці. Я стараюся не думаць, наагул не ўпускаць у душу крыўду, злосць. Хай кожнаму аддасца па справах яго – вось і ўсё. Я не адчуваю страху перад будучыняй. Чамусьці не пакідае ўпэўненасць, што перамога УЖО здабытая намі», – піша яна ў адным з лістоў.
Паводле мужа журналісткі, Кацярына захоўвае баявы настрой, свой турэмны побыт яна каментуе ў іранічным ключы. Асобна дзякуе за салідарнасць і інфармацыйную кампанію ў сваю падтрымку.
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за жывы рэпартаж з плошчы Пераменаў аб супрацьстаянні сілавікоў і абаронцаў народнага мемарыялу Рамана Бандарэнкі. Ім было выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК. Праваабаронцы прызналі журналістак палітзняволенымі.