Трэцякурсніка БДУІР усё ж будуць судзіць за заклікі да страйку ў ВНУ
Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 21-гадовага былога трэцякурсніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, паведамляе прэс-служба ведамства. Раней крымінальная справа была ўзбуджаная «ў дачыненні да неўстаноўленых асоб».
«Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваны раніцай 26 кастрычніка заходзіў падчас заняткаў у навучальныя аўдыторыі універсітэта, дзе агітаваў студэнтаў парушаць грамадскі парадак. Заклікаў іх пакінуць аўдыторыі, арганізаваць незаконныя страйк і мітынг, удзельнічаць у такіх несанкцыянаваных мерапрыемствах з мэтай зрыву навучальнага працэсу ў БДУІР», — распавялі ў пракуратуры.
Студэнт у сваіх паказаннях растлумачыў, што напярэдадні яму ў мэсэнджер Telegram напісаў невядомы карыстальнік, які прадставіўся членам страйкаму універсітэта і прапанаваў выступіць перад студэнтамі з падрыхтаваным для яго тэкстам, — ён пагадзіўся.
«У загадзя вызначаныя месца і час абвінавачанага ўжо чакалі 20-30 студэнтаў, якія пайшлі з ім па аўдыторыях. У іх былі свае інструкцыі. Пасля абвінавачваны, выконваючы загады неўсталяванай асобы, скінуў налады мабільнага тэлефона да завадскіх, чым выдаліў іх перапіску», — дадалі ў пракуратуры.
Сваю віну былы студэнт прызнаў часткова: «сапраўды ўдзельнічаў у дзеяннях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, аднак іх не арганізоўваў».
Чакаць суду малады чалавек працягне пад вартай. Яму інкрымінавалі арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне работы ўстановы, а таксама актыўны ўдзел у такіх дзеяннях. Былому студэнту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Раней праваахоўныя органы паведамлялі, што крымінальная справа па факце, які адбыўся ў БДУІР па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) распачата «ў дачыненні да неўстаноўленых асоб».
tut.by