Тры ночы за кратамі і 540 рублёў штрафу – за запрашэнне ў кавярню
Тры ночы зняволення і 20 базавых велічынь штрафу – так у Кобрыне на Берасцейшчыне суддзя Таццяна Каберская пакарала 30-гадовага кабрынчаніна Рамана Сыцько за запрашэнне ў кавярню.
Пад час судовага пасяджэння, што адбылося ў апошні дзень сыходзячага году, высветлілася, што 22 снежня ў чаце тэлеграм-каналу «Кобрын для жыцця» спадар Раман змясціў запрашэнне «Сябры, прыходзьце да «Ласуна» (кавярні ў цэнтры гораду ля плошчы, адкуль пачыналіся ўсе маршы пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў – М.Г.). Суддзя палічыла гэтае запрашэнне заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапраемстве і аштрафавала маладога чалавека.
Раман Сыцько працуе кіроўцам-дальнабойшчыкам пасля заканчэння Драгічынскага аграрна-тэхнічнага ліцэю і водзіць грузавыя фуры па Еўропе. У інтэрв’ю НЧ малады чалавек распавеў, што калі знаходзіўся ў Польшчы, з ім спрабаваў стэлефанавацца супрацоўнік Кобрынскага РАУС Віталь Саўчук. Потым пачалі шукаць спадара Рамана па месцы жыхарства. Ад жонкі дазналіся, што кіроўца за мяжой. Па ягоным вяртанні на Бацькаўшчыну сілавікі затрымалі грамадзяніна і прывезлі ў Кобрынскі РАУС, дзе ўчастковым інспектарам міліцыі Паўлам Бажко быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Да суду спадара Рамана закратавалі на 72 гадзіны.
«Міліцыянты Віталь Саўчук і Міхась Вайтовіч, між іншым, цікавіліся, чаму я змясціў на чаце стужку з Ютубу пра Рамана Бандарэнку, а таксама высвятлялі аўтарства ананімнай інфармацыі ў сеціве з пагрозамі супраць Міхася Вайтовіча», -- сказаў Раман Сыцько.
Усе гэтыя дзеянні сілавікоў ён назваў “міліцэйскім бязмежжам”, а вырак суддзі – несправядлівым, які будзе абскарджаваць у Берасцейскім абласным судзе.
Раман Сыцько выказаў падзяку прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці горада, якія прыйшлі падтрымаць свайго земляка ў судзе.