Следчы камітэт РФ заявіў, што слядоў выбуху на самалёце прэзідэнта Польшчы няма

Следчы камітэт Расіі заявіў, што слядоў выбуху на самалёце Ту-154 прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага няма.

Фота: ria.ru

Фота: ria.ru

Польскія эксперты яшчэ ў 2011 годзе прыйшлі да высновы, што прычынай авіякатастрофы пад Смаленскам было сутыкненне з бярозай, заявіла афіцыйная прадстаўніца СК РФ Святлана Пятрэнка. У Маскве не разумеюць, на чым грунтуюцца чарговыя высновы польскіх экспертаў наконт авіякатастрофы 10 красавіка 2010 года. Экспертызы, праведзеныя сем гадоў таму, засведчылі, што ніякіх прыкмет уздзеяння на самалёт выбуховых рэчываў не знайшлі, інфармуе ria.ru.
Як вядома, на борце самалёта, які разбіўся падчас спробы пасадкі ў аэрапорце “Смаленск-Паўночны”, знаходзіліся 96 чалавек — польская палітычная і вайсковая эліта. Усе яны загінулі, у тым ліку і прэзідэнт Лех Качынскі. Польская дэлегацыя ляцела на жалобнае мерапрыемства ў Катынь. Афіцыйна было прызнана, што трагедыя здарылася з-за недахопаў у забеспячэнні палётаў і падрыхтоўцы экіпажу (самалёт не паляцеў на запасны аэрадром, а здзяйсняў пасадку падчас моцнага туману). Нядаўна новая польская камісія, якая расследуе абставіны катастрофы Ту-154, заявіла, што на левым крыле самалёта ёсць сляды выбуху. Ён адбыўся яшчэ да таго, як крыло сутыкнулася з бярозай.
Абломкі польскага самалёта захоўваюцца ў Расіі ў якасці рэчавых доказаў па крымінальнай справе. Следчы камітэт Расіі падкрэслівае, што з 2014 года польскі бок не праводзіў іх дадатковых аглядаў і даследаванняў.
Паводле euroradio.fm