Следчыя адмовілі ў незалежнай экспертызе па справе Паліенкі
Упершыню ў Беларусі хочуць прымяніць артыкул 130 Крымінальнага кодэкса ("Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы")
датычна крытыкі міліцыянтаў.
Справа Зміцера Паліенкі перададзеная ў суд. Зараз анархісту ўмяняюцца адразу 4 артыкула КК РБ, сярод якіх 130 ("Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы") і 369 ("Абраза прадстаўніка ўлады"). Нібыта на роліку, які Зміцер выклаў на сваёй старонцы, быў абражаны Міністр унутраных справаў.
"Падчас следства была праведзеная незалежная экспертыза роліка, які і стаў прычынай двух дадатковых артыкулаў у справе. Экспертыза ўсталявала - прадстаўнікі дзяржаўнай улады не могуць з'яўляцца "сацыяльнай групай", а надпіс на карцінке крытыкуе дзеянні чалавека а не ягоную асобу", — піша Марына Касінерава.
Адвакатка Паліенкі хадайніцтвавала ад далучэнні да справы гэтай экспертызы, аднак Следчы камітэт адмовіў у хадайніцтве.
Зміцер Паліенка, аднак, даў дазвол на публікацыю вынікаў гэтай экспертызы: іх вы можаце пабачыць ніжэй.
У Беларусі артыкул 130-ы будзе ўпершыню прыменены ў дачыненні да чалавека, які "абразіў" міліцыянта.
Гэтай справай ствараецца небяспечны прэцэдэнт: калі сёння людзей пазбаўляюць волі за словы, заўтра, мусіць пачнуць пазбаўляць за думкі аб крытыцы - дадае актывістка.
Дарэчы, нават у Расіі, дзе справы аб "экстрэмізме" даўно пастаўленыя на канвеер, падчас шэрагу судовы працэсаў было прызнана, у тым ліку экспертамі: паліцыя не з'яўляецца сацыяльнай групай. Адпаведна, крытыка ці нават нянавісць на яе адрас не могуць з'яўляцца падставай для крымінальнага пераследу.