Спецаперацыя «рэгістрацыя»
Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» будзе праводзіць мясцовую кампанію «ад сахі». Прынамсі, пра гэта сведчаць вынікі рэгістрацыі «прамоўцаў» ад БХД, якія пайшлі папрацаваць на мясцовую кампанію.
![vybary_u_miascovyja_saviety.jpg vybary_u_miascovyja_saviety.jpg](/img/v1/news/full/vybary_u_miascovyja_saviety.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
20 лютага скончылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, і яе папярэднія вынікі ў Мінску падвялі сустрашыні аргкамітэта Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Прычым, Павал
Севярынец у чарговы раз адзначыў: БХД не расцэньвае гэтую кампанію як «выбары», таму што выбараў у Беларусі няма. І гэта ў чарговы раз бачна па тым, што адбываецца з рэгістрацыяй
«прамоўцаў». Таму што «кандыдатамі ў дэпутаты» гэтыя людзі таксама быць не пагаджаюцца.
«Мы праводзім не «мясцовыя выбары», а «мясцовую кампанію», каб дайсці да людзей, пазбіраць подпісы за вырашэне праблемаў, якія хвалююць людзей. І ў
перспектыве з гэтай кампаніі павінна стварыцца народнае самакіраванне — каманды, якія б гатовыя былі прэзентаваць альтэрнатўныя варыянты развіцця гарадоў і вёсак. Я спадзяюся, у большасці
гарадоў і мястэчак такое народнае самакіраванне нам стварыць удасца», — лічыць Севярынец.
Сітуацыя з рэгістрацыяй «прамоўцаў» БХД больш цікавая за іншыя партыі. Таму што афіцыйна БХД як партыя дагэтуль не зарэгістраваная, і ўсе актывісты БХД вылучаліся шляхам збору
подпісаў. І тут выяўляецца цікавая тэндэнцыя, якую заўважаюць у БХД.
Першая выснова — улады ў нерэгістрацыі актывістаў БХД дзейнічаюць звыклымі метадамі. «Збольшага, гэта тыя ж метады, якія былі апрабаваныя пад час спробаў рэгістрацыі БХД. Мы
ўжо казалі пра праверку подпісаў. Яны правяраюцца такім чынам: сябры камісіі абтэлефаноўваюць людзей, у рэгіёнах — прыходзяць да іх дахаты. Пераважна, так дзейнічаюць у адносінах да людзей
сталага веку. І тлумачаць ім, што яны падпісаліся «за апазіцыянера», ці свядома яны зрабілі такі выбар, ці не шкадуюць зараз аб ім. А можа, згодныя адклікаць подпіс? І некаторыя
людзі подпіс адклікаюць, баючыся праблемаў на працы ці яшчэ нейкіх праблем», — сказаў Севярынец.
Каго перш за ўсё «вырубаюць» камісіі? У гэтым ёсць тэндэнцыя, кажа Севярынец. «Найперш, вырубаюць каманды. У тых гарадох, дзе ідзе пяць-сем-дзесяць-дванаццаць
прадстаўнікоў БХД, адсякаюць амаль усіх, вычышчаюць таатльна. Там, дзе ідзе два чалавекі ў горадзе, аднаго адсякаюць, аднаго пакідаюць», — кажа Севярынец.
Таксама першыя кандыдаты «на вылет» — гэта абласныя і гарадскія каардынатары БХД, а таксама кіраўнікі структураў. Гэта Таццяна Севярынец у Віцебску, яе намесніца Алена
Шабуня, Алег Аксёнаў з Магілёва, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі…
«Вылятаюць» з рэгістрацыі і найбольш прадстаўнічыя кандыдаты. «Гэта людзі сярэдняга ўзроўню, тыя, хто працуе ў нармальных месцах, людзей дасведчаных, бізнесоўцаў. То
бок тых, хто прывабна выглядае ў вачах выбаршчыка», — кажа Севярынец. Рэгіструюць жа, збольшага, маладых і зусім маладых людзей, 20 — 24 гады.
І, канешне ж, найперш не рэгіструюць актывістаў БХД у буйных і сярэдніх гарадах. Сітуацыя з вясковымі акругамі — найлепшая.
«У нас дастаткова «прамоўцаў» ідуць па сельскіх акругах, некалькі дзясяткаў. Гэта вынік мінулагодняй кампаніі БХД «Абаронім людзей ад свінства», калі
БХД займалася дапамогай людзям, у якіх у выніку «афрыканскай чумы свінняў» выразалі жывёлаў. Шмат вяскоўцаў тады прыйшло да нас, і зараз яны — нашыя
«прамоўцы» у гэтых акругах. Вось у сельскай мясцовасці будзе зарэгістравана каля 80% нашых вылучэнцаў, тады як па гарадах, мы мяркуем, будзе зарэгістравана 20 —
30%», — адзначыў Севярынец.
У прынцыпе, кіраўніцтва БХД кажа, што «не піталі ілюзіяў» адносна рэгістрацыі сваіх актывістаў кандыдатамі ў дэпутаты. Як адзначыў Рымашэўскі, найперш актывісты аргкамітэта
ішлі на выбары для таго, каб паказаць сутнасць беларускіх выбараў і тое, што выбараў няма. «Таму ўжо па двух папярэдніх этапах, — рэгістрацыях ініцыятыўных груп і зборам подпісаў за
вылучэнне кандыдатаў мы маем дастаткова юрыдычных падставаў, каб казаць пра незаконнасць і адсутнасць выбараў у Беларусі», — сказаў ён.
Што будуць рабіць тыя, хто зарэгістраваны «кандыдатам у дэпутаты» — зразумела: працягваць легальную агітацыю і працу з людзьмі. А вось што будуць рабіць
незарэгістраваныя прамоўцы? Рымашэўскі кажа, што перашкаджаць з людзьмі ніхто не перашкодзіць. «Тым больш, што ўжо пад час збору подпісаў з’явілася шмат людзей, якія падтрымліваюць
нашых прамоўцаў і дамаўляліся аб далучэнні да нашай працы», — сказаў Рымашэўскі.
Больш за тое, дадае ён, улады самі пачалі разумець сваю пройгрышную пазіцыю ў пытаннях, якія ўздымае БХД, і імкнуцца зараз дзейнічаць «апераджальнымі метадамі». «У
мінулым годзе мы выступілі за прыняццё закону аб абароне жывёлаў, распачалі кампанію «Стоп спайс». Зараз улады самі распрацоўваюць закон аб абароне жывёлаў і фактычна выканалі нашыя
патрабаванне па забароне наркатычных курыцельных сумесяў. Толькі ў гэтую кампанію мы паднялі пытанне алкагалізацыі насельніцтва, яшчэ нават сабраныя подпісы за абмежаванне продажу алкаголю нікуды не
перадалі — а ўжо чутны галасы «з таго боку» пра ўзмацненне антыалкагольнага заканадаўства», — адзначыў Рымашэўскі.
І гэта — рэакцыя не толькі на ініцыятывы БХД, але ўвогуле на ініцыятывы «знізу». Рымашэўскі таксама зазначыў, што ў Мінску шматлікія групоўкі і ініцыятывы выступаюць
супраць ушчыльняльнай забудовы. І нядаўна нават Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што «Мінск не гумовы», але бяздумнай ўшчыльняльнай забудовы быць не павінна.
Канешне ж, «знятыя з працэсу» актывісты БХД будуць займацца яшчэ дзвюмя справамі. Найперш, дапамагаць зарэгістраваным «прамоўцам» праводзіць пікеты і займацца
агітацыяй. І ніхто не адмяняў назіранне за самім працэсам мясцовых выбараў — падлікам галасоў.
Што ж датычыцца сённяшняй сітуацыі, то ўсе незарэгістраваныя «прамоўцы» БХД будуць абскарджваць сваю нерэгістрацыю ў судзе. Зразумела, не для таго, каб у судзе перамагчы, а каб
для будучыні засталіся доказы супрацьзаконных дзеянняў сябраў выбарчых камісій. Парушэнне выбарчага заканадаўства — гэта злачынства і па сённяшнім Крымінальным кодэксе, адзначыў Севярынец. А
Рымашэўскі дадаў, што БХД будзе дамагацца ўключэння ўсіх такіх злачынцаў у «чорныя спісы» неўязных у Еўрасаюз. Акрамя таго, лічыць Рымашэўскі, «краіна павінная ведаць сваіх
герояў». І БХД будзе ствараць базу дадзеных сябраў выбарчых камісій, якія цягам выбарчай кампаніі асабліва цынічна парушалі закон.