Справядлівыя выбары замест ЦВК

Актывісты кампаніі «За справядлівыя выбары» падрыхтавалі праекты шасці пастаноў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, якія, на іх думку, маглі б зрабіць прэзідэнцкія выбары больш празрыстымі і справядлівымі. (На здымку: Сяргей Калякін і Віктар Карнеенка)



0e9d935f7e3f2b502450c049ddbc7c92.jpg

Актывісты кампаніі «За справядлівыя выбары» падрыхтавалі праекты шасці пастаноў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, якія, на іх думку, маглі б зрабіць прэзідэнцкія выбары больш празрыстымі і справядлівымі.

(На здымку: Сяргей Калякін і Віктар Карнеенка)


Як сцвярджаюць аўтары праектаў пастаноў ЦВК, гэтыя праекты «будуць спрыяць правядзенню празрыстых, свабодных і справядлівых выбараў і прызнанню іх вынікаў сярод удзельнікаў выбарчага працэсу ўнутры краіны і ў міжнароднай супольнасці». На думку каардынатараў кампаніі, прапановы цалкам адпавядаюць выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь, не патрабуюць яго змянення, акажуць істотную дапамогу сябрам выбарчых камісій, ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, а таксама назіральнікам пры вырашэнні спрэчных пытанняў.
Праекты пастаноў тычацца парадку фармавання выбарчых камісій, правядзення перадвыбарчай агітацыі і сустрэч кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду, выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе, а таксама правоў назіральнікаў і сябраў выбарчых камісій, падліку галасоў выбаршчыкаў.
Адзін з каардынатараў кампаніі, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін адзначыў, што ў распрацоўцы праектаў пастаноў ЦВК актыўны ўдзел бралі беларускія праваабаронцы і юрысты, з якімі кампанія вядзе цеснае супрацоўніцтва.
«Мы і сёння працягваем настойваць на тым, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі была зарэгістравана незаконна, — заявіў Сяргей Калякін. — Па-першае, мы не згодныя з тым, што ў ЦВК не бачаць ясна прапісаных у законе палажэнняў, згодна якіх чалавек, што збіраецца стаць кандыдатам у прэзідэнты, павінен асабіста прыйсці з пашпартам у Цэнтральную камісію. Па-другое, сутнасць іх адказу зводзіцца да таго, што ў іх менавіта такая заканадаўчая практыка. Тым самым яны ўмешваюцца ў зусім чужую кампетэнцыю, бо ёсць артыкул 33 Выбарчага кодэкса, які ў поўнай меры вызначае правы Цэнтральнай камісіі. Тлумачыць закон ніхто ім права не прадстаўляў. І, па-трэцяе, у адпаведнасці з законам (ч. 3 арт. 49), гэта абскарджванне павінна было быць разгледжана на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі. Але мы ведаем, што пасяджэнне не праводзілася, а чыноўнікі папросту падрыхтавалі нам адказ. Мы патрабуем, каб, у адпаведнасці з законам, наш першапачатковы зварот і гэты былі разгледжаныя на паседжанні Цэнтрвыбаркаму».
Сяргей Калякін падкрэсліў, што сёння ў Цэнтральнай камісіі існуе абсалютна няроўны падыход да розных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
«Нядаўна Цэнтральная камісія папярэдзіла ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева. У той жа час, мы маем шмат фактаў, калі грамадзяне звяртаюцца і да нас, і ў Цэнтральную выбарчую камісію са скаргамі, што ініцыятыўная група Лукашэнкі груба парушае выбарчае заканадаўства пры зборы подпісаў. Напрыклад, подпісы за яго збіраюць не сябры ініцыятыўнай групы, некаторыя такія выпадкі нават пацвярджаюцца відэаматэрыяламі. Па-другое, мы атрымліваем інфармацыю пра ўдзел адміністрацый у зборы подпісаў, што катэгарычна забаронена законам. У нас ёсць інфармацыя, што ў галоўным будынку Беларускага ўніверсітэта транспарту сярод студэнтаў збірае подпісы асабіста прарэктар па выхаваўчай працы Галіна Чаянава. Такое паведамленне мы атрымалі ад грамадзянкі Шыраковай, якая пражывае ў Гомельскім раёне. Дырэктар сярэдняй школы № 4 горада Івацэвічы збірае подпісы ў працоўны час ва ўстановах гэтага горада, загадчыца дзіцячага садка ў Раўбічах збірае подпісы сярод сваіх супрацоўнікаў, прычым абавязвае іх прынесці пашпарты… Там, дзе выкарыстоўваецца адміністратыўны рэсурс, амаль паўсюль прысутнічаюць супрацоўнікі сферы адукацыі, і выбаршчыкі справядліва звязваюць гэта з тым, што ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі ўзначальвае міністр адукацыі грамадзянін Радзькоў. І мы ставім пытанне, што гэты адміністратыўны рэсурс выкарыстоўваецца ў парушэнне Выбарчага кодэкса».
Яшчэ адзін каардынатар кампаніі намеснік старшыні Руху «За свабоду» Віктар Карнеенка паведаміў, што ў склад участковых камісій плануецца вылучыць да 1200 чалавек, а таксама да 1600 назіральнікаў. «Можна, канешне, і больш, але для гэтага трэба багата розных рэсурсаў, якіх, на жаль, няшмат. Але мы лічым, што гэтага дастаткова для таго, каб зрабіць адпаведны аналіз выбарчага працэсу і зрабіць высновы, якія ў нас былі выбары», — адзначыў Віктар Карнеенка.
Па словах Сяргея Калякіна, ужо ў бліжэйшыя выходныя пачнуцца трэнінгі, якія будуць навучаць сябраў участковых камісій, а таксама назіральнікаў.