Старшынёй Рады БНР пераабрана Івонка Сурвіла
У Нью-Ёрку адбылася сесія Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Фота CourtesyPhoto
Была абмеркавана ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі і міжнародная абстаноўка ў рэгіёне, таксама быў прыняты шэраг рэзалюцый. У рэзалюцыі «Аб уцягванні Беларусі ў зону вайсковых інтарэсаў Расеі» Рада выказала занепакоенасць, ці здольныя Узброеныя Сілы Беларусі ў цяперашнім іх стане абараніць незалежнасць дзяржавы, і запатрабавала як мага хутчэй вывесці расейскія вайсковыя аб’екты з Беларусі, паведамляе svaboda.org.
У асобнай рэзалюцыі аб стаўленні Захаду да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Рада БНР раскрытыкавала цяперашнюю палітыку ЕЗ адносна Беларусі як недальнабачную і асудзіла той факт, што санкцыі былі знятыя, хоць афіцыйны Менск так і не выканаў ранейшыя патрабаванні адносна дэмакратызацыі і правоў чалавека.
Таксама былі ўхваленыя рэзалюцыя з нагоды 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС і рашэнне аб узнагародах Рады БНР. Згадалі і нядаўнюю рэзалюцыю, у якой Рада БНР патрабуе ад расейскіх уладаў неадкладна вызваліць украінскага афіцэра Надзею Саўчанку.
На пасаду Старшыні Рады БНР пераабралі Івонку Сурвілу. На першага намесніка старшыні пераабралі Сяргея Навумчыка, на намеснікаў пераабралі Вячку Станкевіча і абралі Міколу Пачкаева.
Паводле Радыё Рацыя.