Старшынёй БКДП зноў абраны Аляксандр Ярашук

Старшынёй Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) пераабраны Аляксандр Ярашук. Такое рашэнне прынятае на дзясятым справаздачна-выбарным з'ездзе арганізацыі 2 снежня ў Мінску. Для Ярашука, які ўзначальвае БКДП з 2002 года, новы трохгадовы тэрмін на чале асацыяцыі стане ўжо шостым.

Аляксандр Ярашук. Здымак «Радыё Свабода»

Аляксандр Ярашук. Здымак «Радыё Свабода»


Выбары прайшлі ў форме тайнага галасавання і на безальтэрнатыўнай аснове. Удзельнікі з'езда прапаноўвалі вылучыць кандыдатамі таксама намесніка старшыні БКДП Сяргея Антусевіча і старшыню прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, аднак яны абодва ўзялі самаадвод.
З прысутных на з'ездзе 54 дэлегатаў у выбарах кіраўніцтва ўдзельнічалі 47. У падтрымку кандыдатуры Ярашука выказаліся 37 чалавек, 10 выступілі супраць.
Прадстаўляючы сваю кандыдатуру, Ярашук заявіў: «Дарагія мае! Калі мы сёння бяжым, мы на справе стаім на месцы. Трэба не проста бегчы — трэба быць спрынтарам. Сітуацыя прасцейшай не будзе, гэта несумненна».
Паводле вынікаў з'езда плануецца прыняць рэзалюцыі аб парушэннях правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі, аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне і становішчы працоўных, пенсіянераў, іншых неабароненых груп насельніцтва, а таксама аб сацыяльна-працоўных правах і аб скасаванні прымусовай працы. Акрамя таго, БКДП плануе выказаць пратэст супраць рэпрэсій у дачыненні да прафсаюза РЭП і крымінальнага пераследу яго лідараў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
З'езд БКДП, паводле статута арганізацыі, склікаецца раз на тры гады. Папярэдні адбыўся ў снежні 2014 года. У яго выніковай рэзалюцыі дэлегаты запатрабавалі ад уладаў прадухіліць пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Асацыяцыя прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў" аб'ядноўвае Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.
Даведка БелаПАН. Аляксандр Ярашук нарадзіўся 16 лістапада 1951 у вёсцы Унучкі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1974 годзе скончыў Курскі сельскагаспадарчы інстытут (Расія) па спецыяльнасці "вучоны-аграном", у 1990 годзе — Мінскую вышэйшую партыйную школу па спецыяльнасцях "палітолаг", "сацыёлаг". Працоўную дзейнасць пачаў у 1974—1975 гадах у якасці агранома ў саўгасе імя Дзімітрава Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1975—1976 гадах служыў у войску. З 1976 па 1991 гады працаваў на розных пасадах у гаспадарках Брэсцкай вобласці. У 1991 годзе — загадчык аддзела аграрнай палітыкі ЦК КПБ. У 1991—1996 гадах — намеснік начальніка глаўка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. У 1996—1998 гадах — першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама. У 1998—1999 гадах — старшыня Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў.
У 1999 годзе ўзначаліў Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які ўваходзіць у склад ФПБ. З 2002 года — старшыня БКДП.
Браў удзел у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года, але не быў зарэгістраваны кандыдатам, таму што не набраў дастатковай колькасці подпісаў выбаршчыкаў.
У чэрвені 2011 года абраны членам Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы.
Паводле БелаПАН