Суд пакінуў Марыю Калеснікаву пад вартай як найменей да 8 сакавіка

16 студзеня суд Партызанскага раёну не задаволіў скаргу абароны Марыі Калеснікавай на тое, што ёй падоўжылі тэрмін знаходжання пад вартай да 8 сакавіка. Цяпер Марыя – у СІЗА-1 на Валадарскага.

d682e14b_ffff_44b2_bdf6_ee620f4212e1_w1023_r1_s.webp

Нягледзячы на марозны дзень, закрытае судовае паседжанне і суботу да судовага будынку прыйшлі сябры Машы, прадстаўнікі амбасадаў, а таксама ўсе, хто хацелі яе падтрымаць, паведамляе Тэлеграм-канал Виктор Бабарико. Вынікі судовага паседжання для абароны былі прадказальныя, сказала адвакатка Людміла Казак, аднак адвакаты і сама Марыя будуць абскарджваць рашэнне Партызанскага суду.
Каардынатар штабу Віктара Бабарыкі і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава 7 верасня была выкрадзеная невядомымі, а раніцай 8 верасня Telegram-канал дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» паведаміў, што ўначы Калеснікава, а таксама сябры Каардынацыйнай рады Раднянкоў і Краўцоў «спрабавалі незаконна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь» і што Калеснікаву затрымалі. Пазней выявілася, што Калеснікава пры спробе ейнага гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі парвала свой пашпарт.
Марыя Калеснікава – падазраваная ў справе аб «публічных закліках да захопу ўлады ў Беларусі». Яе прызналі палітвязнем і вязнем сумлення. Разам з іншымі апанентамі беларускага рэжыму Еўрапарламент прысудзіў ёй прэмію імя Сахарава за ўнёсак у барацьбу за правы чалавека.
Радыё Свабода