Суполку беларускіх анархістаў Укантакце заблакавалі ў трэці раз
Мінінфарм выкарыстоўвае новыя метады блакіровак анархісцкіх рэсурсаў — нават без афіцыйнага прызнання іх экстрэмісцкімі.
Як паведамляецца на сайце Мінінфарма, 18-19 кастрычніка былі прыняты захады па "абмежаванні доступу" да шэрагу інтэрнэт рэсурсаў. Усяго блакіроўцы на тэрыторыі Беларусі, згодна з паведамленнем, падверглася дванаццаць Інтэрнэт-рэсурсаў "за размяшчэнне неналежнай рэкламы а таксама шэсць старонак у сацыяльнай сетцы "Укантакце" за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі на падставе рашэння суду Кастрычніцкага раёну г.Віцебска".
На наступны дзень анархісцкая група "Прамень" паведаміла ў сваім прэс-рэлізе, што 19 кастрычніка яе старонка стала недаступнай на тэрыторыі Беларусі:
"На сайце Міністэрства інфармацыі сёння з'явілася паведамленне аб тым што 18-19 кастрычніка ведамства прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да шэрагу інтэрнэт-старонак. 19 кастрычніка на тэрыторыі Беларусі перастала быць даступная старонка анархісцкай групы "Прамень" Укантакце. На той момант у яе было 2027 падпісчыкаў. Гэта ўжо трэцяя блакіроўка старонкі нашага калектыва з моманту яго стварэння. Першы раз старонка Укантакце была заблакаваная 10 кастрычніка 2017, другі раз — 26 сакавіка 2018, трэці раз — 19 кастрычніка 2018. Яшчэ ў кастрычніку 2016 быў заблакаваны наш сайт (далей ідзе спасылка на сайт групы Прамень, які даступны толькі праз сродкі абыходу блакіроўкі, - прым. НЧ).
Усе блакіроўкі ажыццяўляюцца з фармулёўкай "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Прытым ані адмінам супольнасці, ані ўвогуле каму б то ні было не паведамляецца, якія менавіта матэрыялы са старонкі з'яўляюцца экстрэміцкімі і чаму. Рашэнні аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі, раўна як і рашэнні аб блакіроўцы, прымаюцца абсалютна адвольна, непразрыста і фактычна сакрэтна. Па практыке, якая склалася, экстрэмісцкімі прызнаюцца практычна ўсе матэрыялы, якія крытыкуюць дзяржаўную сістэму з эгалітарных пазіцыі і аспрэчваюць уладу дзяржавы як такую. " — паведамляюць анархісты.
Аднак цікавы факт: у апошняй рэдакцыі Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, на які спасылаецца Мінінфарм, рашэнне суду аб прызнанні экстрэмісцкай менавіта апошняй старонкі групы "Прамень" адсутнічае. Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў экстрэмісцкімі толькі шэраг матэрыялаў неанацысцкага зместу. Старонка ж Промня апошні раз прызнавалася экстрэмісцкай у сакавіку 2018, на падставе чаго і адбылася блакіроўка. Аднак з таго часу была заведзеная новая старонка, якая і была заблакаваная ўчора. І, выглядае на тое, што ў пазасудовым парадку.
Што гэта азначае? Ці перайшоў Мінінфарм, урэшце, да пазасудовай практыкі блакіроўкі рэсурсаў? Наколькі гэта законна? І як, у такім выпадку, адбываецца працэдура прызнання таго ці іншага рэсурсу экстрэмісцкім?
За каментарам мы звярнуліся да праваабаронцы, сустаршыні праваабарончай арганізацыі Human Constanta Насты Лойкі.
— У Беларусі вельмі слабая прававая база адносна кіравання інтэрнэтам, а “барацьба з экстрымізмам” усё больш накладвае абмежаванні на свабоду слова. З юрыдычнага пункту гледжання мяне вельмі турбуе, некалькі момантаў. Па-першае, адсутнчіае прэвентыўны механізм. Напрыклад, калі ўзнікаюць пытанні адносна асобных матэрыялаў – чаму не правесці камункіацыю з рэдакцыяй ці ўласнікамі сайта, да таго ж у нас ёсць працэдура афіцыйных папярэджванняў пра недазвол экстрэмісцкай дзейнасці ў вялікай колькасці дзяржаўных органаў. А на практыцы могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі адразу праз суд шэраг матэрыялаў, у спіс уносіцца сам рэсурс, а зацікаўленыя аосбы не маюць ніякіх механізмаў удзелу ў працэдуры ці абскарджання такіх рашэнняў. Ну і па спісе матэрыялаў, прызнаннымі экстрэмісцкімі, бачны падыход з ідэалагічнай зацікаўленасцю дзяржавы, напрыклад, ёсць матэрыялы апазіцыйнага і экстрэмісцкага зместу, якія не ўтрымліваюць заклікі да гвалтоўных дзеянняў, але проста не падабаюцца нізкакваліфікаваным экспертным камісіям, якія ў нас, да слова, таксама толькі дзяржаўныя (і няма механізму альтэрнатыўнай экспертызы).
Па-другое, зусім няма ўсталяванай працэдуры таго, што адбываецца потым. Суды прызнаюць матэрыялы экстрэмісцкімі. Але не заўжды прыгадваюць даслаць свае рашэнні ў Міністэрства інфармацыі. Потым міністэрства вельмі павольна аднаўляе спіс (на днях там былі толькі за чэрвень – амаль 4 месяцы таму). Па маімі меркаванні, усё, што не ў спісе на сайце міністэрства – не можа служыць падставай для пераследу па ч.2 арт.17.11 КаАП (дзе прадугледжаны і арышт у тым ліку). Ну і якім чынам міністэрства інфармацыі ажыццяўляе блакіроўку сайтаў і як вырашае, каго яшчэ заадно заблакаваць – нідзе адэкватнага нарматыўнага акту пра гэта няма. Калі ўсе дзяржаўныя органы працуюць за нашыя падаткі ў нашых інтарэсах і маюць права рабіць толькі тое, што выразна прапісана ў заканадаўстве.
Што датычна пабліку «Промня», то ён быў заблакаваны, відаць, не на падставе рашэння суда, а на падставе закона аб СМІ, на які і спасылаецца Мінінфарм у сваім паведамленні. Там ёсць пункт аб тым, што блакіроўка магчымая згодна з "іншымі актамі заканадаўства". Відаць, гэтым актам заканадаўства ў дадзеным выпадку выступала рашэнне камісіі. То бок, Мінінфарм звярнуўся да камісіі – ці з'яўляецца гэтая група экстрэмісцкай. Камісія вырашыла, што так, з'яўляецца – і гэтага хапіла для блакіроўкі. Рашэнне суду ў дадзеным выпадку нават не спатрэбілася. Яшчэ ёсць верагоднасць, што рашэнне суда яшчэ проста не трапіла ў Мінінфарм альбо не апынулася ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў па тэхнічнай памылцы.
Чытайце таксама: Контрблок: пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра інтэрнэт-цэнзуру
Анархісты, тым часам, ужо завялі новую старонку Укантакце і абяцаюць не мірыцца з перашкодамі: "Анархісцкая група "Прамень", нягледзячы ні на што, працягне сваю дзейнасць і прасоўванне як у інтэрнэт-прасторы так і ў афлайне, і зробіць усё, каб натхніць нашых чытачоў на барацьбу з рэпрэсіўнай сістэмай і цэнзурай", — пішуць яны на сваёй новай старонцы.