Шчоткінай уручылі нагрудны знак за працу на пасадзе, з якой яе звольнілі
Узнагароджанне адбылося 2 сакавіка ў Міністэрстве замежных спраў, дзе прайшоў круглы стол, прысвечаны працы ў Беларусі ў галіне дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця.
Сярод іншых, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Ісачанка, прызначаны 13 лютага Нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця, і Марыяна Шчоткіна, якая раней займала гэтую пасаду.
Падчас мерапрыемства міністр унутраных спраў Уладзімір Макей уручыў Марыяне Шчоткінай нагрудны знак адрознення органаў дыпламатычнай службы «Партнёрства» за забеспячэнне сістэмнай работы ў сферы ўстойлівага развіцця, уклад у міжнароднае супрацоўніцтва і ўмацаванне пазітыўнага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.
61-гадовая Марыяна Шчоткіна паходзіць з Расіі, прайшла шлях ад настаўніцы да высокапастаўленай чыноўніцы. Знакамітай стала, калі займала пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны (у 2009-2016 гадах). Пры Шчоткінай з'явілася ідэя падатку для дармаедаў. На гэта мінчане адрэагавалі стварэннем «сцяны Шчоткінай»: спачатку на ёй з’явіўся партрэт міністра з надпісам «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных». Пасля на сцяне перыядычна з'яўляюцца графіці, прысвечаныя не звязаным з ёй падзеям і людзям.
Фота Антона Матолькі
Пазней Шчоткіна працавала намесніцай старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. У кастрычніку 2019 года яна сама падала заяву аб вызваленні з гэтай пасады і перайшла на працу ў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.
13 лютага Лукашэнка падпісаў указ, якім вызваліў Марыяну Шчоткіну ад пасады нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця. Пра новае месца працы чыноўніцы пакуль невядома.