Шэйман лётаў на Кубу ў якасці спецпасланніка Лукашэнкі
Віктар Шэйман у якасці спецпасланніка Аляксандра Лукашэнкі сустракаўся з прэм'ер-міністрам Кубы Мануэлем Марэра Крусам 3 ліпеня. Паведамленне пра гэта размясціў сам кубінскі чыноўнік у сваім блогу ў Twitter.
«Я прыняў спецпрадстаўніка прэзідэнта Беларусі Віктара Шэймана. Мы абменьваемся прапановамі па развіцці нашых эканамічных, гандлёвых і кааперацыйных адносін у такіх сектарах, як сельская гаспадарка, будаўніцтва, навука, тэхналогіі і турызм. #SomosCuba», — напісаў кубінскі прэм'ер.
Візіт Шэймана на Кубу адбыўся ўжо пасля адстаўкі з пасады кіраўніка справамі прэзідэнта. Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні Шэймана ад пасады кіраўніка справамі 15 чэрвеня 2021 года.
Прымаючы адстаўку, Лукашэнка паабяцаў ужо гэтым летам прапанаваць Шэйману некалькі варыянтаў працы, а пакуль папрасіў працягваць займацца Кубай, Венесуэлай і Афрыкай.
«Пакуль бы вельмі папрасіў узяць на сябе, як заўсёды было, Кубу, Венесуэлу і тыя "хвасты", скажам так, у Афрыцы, пакуль ты не перадаў ураду. Таму што ў мяне была практыка, там, дзе патрабавалі надзейных, як яны казалі, блізкіх людзей, мне прыйшлося цябе пасылаць ці свайго старэйшага сына Віктара. Ён больш займаўся блізкаўсходнім рэгіёнам, а ты адкрываў акно ў Афрыку. Прашу гэта пакінуць за сабой», — сказаў тады Лукашэнка.
18 чэрвеня Лукашэнка прызначыў новага амбасадара на Кубе. Ім стаў Валерый Бараноўскі, які раней узначальваў амбасаду ў Літве.
reform.by