Штаб Святланы Ціханоўскай пракаментаваў заяву аб замаху на Лукашэнку

Заява пра замах на Лукашэнку і ягоную сям’ю можа быць правакацыяй спэцслужбаў Беларусі і Расіі, падазраюць у штабе беларускага палітыка.

photo_2021_02_21_13_53_14.jpg

«Інфармацыя, якую 17 красавіка распаўсюдзілі дзяржорганы і агучыў Лукашэнка, мае прыкметы правакацыі спецслужбаў Расіі і Беларусі, куды ўцягнулі грамадзян Беларусі і ЗША», — гаворыцца ў заяве прэс-службы Святланы Ціханоўскай з нагоды вайсковага перавароту, які нібыта рыхтаваўся ў Беларусі, піша БелаПАН.
Каманда Ціханоўскай лічыць, што неабходна ўстрымацца ад паспешлівых высноў і рашэнняў, якія могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы асоб, якая нібыта плянавала замах на яго і ягоных дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. Гаворка ідзе пра затрыманых у Маскве палітолагаў і паліттэхнолагаў Аляксандра Фядуту, амерыканскага адваката беларускага паходжання Юрыя Зянковіча і старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога затрымалі ў Шклове.
Федэральная служба бяспекі Расіі выступіла з заявай, у якой заявіла, што дапамагла прадухіліць вайсковы пераварот у Беларусі. Ён нібыта плянаваўся на 9 траўня, хаця сёлета парад у дзяржаўнае свята Дзень Перамогі не запланаваны.
Расійскае ведамства таксама заявіла, што замах на жыццё Лукашэнкі і ягоных дзяцей рыхтаваўся пры ўдзеле беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў і з кансультацыямі ЗША і Польшчы.