«Трэба клікаць у кіраўнікі беларусаў-эмігрантаў»
Памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды выступіў з новымі праграмнымі заявамі. Ягоны выступ у эфіры «Галоўнага эфіра» (нядзельная «Панарама») датычыўся рэфармавання ў кадравай палітыцы.
Як Беларусі, якая адчувае дэфіцыт канкурэнтаздольных кіраўнікоў, трэба абнаўляць кадравы рэзерв?
«Першае і галоўнае – укладваць ва ўласную адукацыю, — перакананы доктар эканамічных навук Кірыл Руды. – Тыя паспяховыя хлопцы, якія з’ехалі за мяжу,
так ці іначай атрымлівалі адукацыю ў Беларусі. Яны сталі запатрабаваныя з базай, якую атрымалі ў нас».
Другую ідэю Руды бачыць у накіраванні спецыялістаў на стажыроўкі за мяжу.
«У многіх краінах гэта аплачвае дзяржава, гэта было і ў Кітаі, і ў Казахстане, – разважае ён. – Уявіце, калі з вядучага топ-універсітэта свету, напрыклад, Кэмбрыджа,
вернецца наш выпускнік, і яго б зрабілі начальнікам аддзела ў Мінгарвыканкаме. Мне падаецца, ён там такі дысбаланс унясе... Тым не менш прымусіць неяк па-іншаму глядзець і на сябе, і на
свет».
Трэцяя ідэя памочніка прэзідэнта найбольш нечаканая. Руды прапануе запрасіць беларускіх эмігрантаў вярнуцца ў краіну.
«Пасля распаду Савецкага Саюза былі хвалі эміграцыі. Многія нашыя суайчыннікі з’ехалі за мяжу, і яны паспяховыя там у міжнароднай сферы, на сусветных рынках»,
– тлумачыць ён.
Руды сумняецца, што нехта з эмігрантаў рашыцца перакрэсліць частку свайго жыцця і сказаць: я ніколі не ўзгадаю пра Беларусь.
* * *
Некалькі тыдняў таму Руды апублікаваў у «Савецкай Беларусіі» праграмны артыкул, у якім заявіў: замест
прамысловасці перспектыўней займацца сферай паслуг і ай-ці.
Памочнік прэзідэнта Кірыл Руды заняў сваю пасаду паўгода таму. Ягонага папярэдніка, адыёзнага Сяргей Ткачова, падабраў «Амкадор» алігарха Аляксандра Шакуціна. Ткачоў ставіў у
прыклад сталінскую эканоміку і заклікаў нарошчваць прамысловыя магутнасці.