У Беларусі плануюць прыняць дактрыну біялагічнай бяспекі

Канцэпцыю (дактрыну) біялагічнай бяспекі плануюць прыняць у Беларусі, паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін у час навукова-практычнай канферэнцыі «Біялагічная бяспека Рэспублікі Беларусь: нацыянальныя інтарэсы, пагрозы, стратэгічныя напрамкі забеспячэння, ацэнка стану» ў сераду ў Мінску.

unnamed_289.jpg

«Падрыхтаваны праект канцэпцыі (дактрыны) біялагічнай бяспекі. Працавалі над гэтым дакументам ідэйныя людзі. Дзякуючы вашым намаганням, таленту і працавітасці атрымалася дастаткова стройная дактрына, якую крыху прычасаць і можна будзе пісаць больш падрабязны план па кожным кірунку», - цытуе Субоціна прэс-сакратар Саўміна Беларусі Аляксандра Ісаева ў Фэйсбуку.
Пры ўдасканаленні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі плануецца выдзеліць гарантаванне біябяспекі ў асобную сферу нацыянальнай бяспекі Беларусі.
«Гэта дасць магчымасць уніфікаваць падыходы да маніторынгу біялагічных рызык па напрамках, удасканаліць міжведамаснае ўзаемадзеянне пры рэалізацыі механізмаў рэагавання, а таксама сфарміраваць адзіную палітыку па пытанню процідзеяння біялагічным пагрозам», - гаворыцца ў паведамленні.
Актуальнасць гэтай праблемы абумоўлена нарастаннем негатыўнага ўплыву на жыццядзейнасць чалавека і навакольнае асяроддзе біялагічных пагроз, падкрэсліваюць ва ўрадзе.
«Яны абумоўлены шматразова ўзрослай колькасцю трансгранічных паездак, міграцыяй, ростам міжнароднага гандлю, развіццём навукі і біятэхналогій, прыроднымі катаклізмамі, тэрарызмам», - падсумавалі ў Саўміне.
interfax.by