У Мінску прайшло свята нацыянальнага сцяга (фота)

Акцыя "Праспект нацыянальнага сцяга", арганізаваная з ініцыятывы Змітра Дашкевіча, адбылася на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Вось толькі было гэта 7 гадоў таму, 14 траўня 2016 года. Паглядзіце. 

svjata_nacyjanalnaha_scjaha__4__logo.jpg

Цягам гадзіны над цэнтрам горада луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Удзельнікі акцыі, актывісты розных арганізацый раздавалі мінакам бел-чырвона-белыя стужкі, якія ахвотна разбіралі. 

Яскравую імпрэзу, прымеркаваную да гадавіны рэферэндуму 1995 года, змаглі пабачыць толькі пешаходы, паколькі міліцыя перакрыла частку галоўнага праспекта, дзе праходзіла акцыя, нібыта для яго мыцця (па вуліцы курсіравалі палівальныя машыны). 

На ўдзельнікаў акцыі цягам яе правядзення (больш за гадзіну) міліцыянты актыўна складалі пратаколы. Хтосьці з удзельнікаў замацоўваў сцягі на слупах асвятлення. У тэрміновым парадку былі выкліканыя камунальныя службы, работнікі якіх пад вокліч "ганьба" здымалі сцягі. 

Тым не менш свята атрымалася. Пад веснавым сонцам і лёгкім ветрыкам нацыянальныя сцягі глядзеліся асабліва прыгожа.