У Мінску затрымлівалі ўдзельніц акцыі ў падтрымку Марыі Калеснікавай
Увечары 8 верасня ў Мінску каля Камароўкі сілавікі ў масках затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку Марыі Калеснікавай і рэпрэсаваных. Не паспелі жанчыны разгарнуць плакаты, як іх пачалі забіраць і цягнуць у мікрааўтобусы, паведамляе Еўрарадыё.

Як толькі сабралося некалькі соцень пратэстоўцаў, затрыманні спыніліся. Жанчыны сталі ў кола і скандуюць «Марыя! Марыя!».
Як паведамляе TUT.BY, 7 мікрааўтобусаў і 3 аўтазакі з Машэрава з'ехалі. Яшчэ ў шэсць мікрааўтобусаў дапакоўваюць людзей на супрацьлеглым баку дарогі. Забралі не менш за 10 чалавек.
19:48 Сілавікі хапаюць людзей у дварах, куды яны бягуць хавацца
Масавыя затрыманні ўдзельніц акцыі:
Мінск. Дзяўчаты ад музея дайшлі да скрыжавання Купалы і Куйбышава. Да іх пад'ехалі тры мікрааўтобусы без нумароў, адтуль выскачылі людзі ў зялёнай форме без апазнавальных знакаў і цывільным адзенні. Дзяўчаты пабеглі назад у бок Незалежнасці. Аўтобусы спыніліся наводдаль ад скрыжавання, а потым з'ехалі. Нікога не затрымалі.
19:12
Мінск. Людзі, якія ішлі з Камароўкі, згарнулі на Машэрава. Туды пад'ехалі два мікрааўтобуса без нумароў і аўтазак. Пратэстоўцы скандуюць "Ганьба!". Пайшоў АМАП. Дзяўчыны гучна крычаць. Людзі ўсталі ў счэпкі. Пачаліся затрыманні.
19:09
Мінск. Дзяўчаты, якія сышлі ад музея — іх каля 30 чалавек, ідуць па праспекце Незалежнасці, часам скандуючы "Марыя — наша сумленне","Усё за адну, адна за ўсіх". Аўтамабілі сігналяць.
Дайшоўшы да цырка, дзяўчыны павярнулі на вуліцу Янкі Купалы.



Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY
18:55
Мінск. Людзі, якія ішлі ад Камароўскага рынку да праспекта, разгарнуліся і адправіліся на Куйбышава. У калоне каля 300 чалавек. Машыны сігналяць і запавольваюць рух. На вуліцы ўтварыўся вялікі затор у абодва бакі.

Фота: Уладзімір Грыдзін, TUT.BY
18:51
Мінск. Каля 20 дзяўчат сталі ў счэпку на прыступках Нацыянальнага мастацкага музея. Да іх падышлі невядомыя людзі ў масках і два міліцыянты, адзін з іх з мегафонам. Праваахоўнік сказаў прысутным, што іх сход парушае заканадаўства.
Адна з дзяўчат крыкнула яму ў адказ:
— Я проста сустрэлася з сяброўкамі.
Некалькі дзяўчат сышло, астатнія засталіся проста стаяць.
Побач стаяў заведзены мікрааўтобус без нумароў і некалькі легкавых аўтамабіляў, на якіх прыехалі людзі ў масках.
Дзяўчаты вырашылі сысці і рушылі ў бок праспекта Незалежнасці.


Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY
18:39
На гэтым відэа прысутныя ля Камароўскага рынку задаюць пытанні намесніку начальніка Савецкага РУУС Віктару Станіслаўчыку. У нейкі момант мужчына пачынае крычаць жанчыне ў твар "я не глухі!".

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY
Сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава была схоплена ў цэнтры Мінску невядомымі 7 верасня. Дагэтуль дакладна невядома, дзе яна знаходзіцца.