У Віцебску будзе новы старшыня гарвыканкама. Вадзім Заранкін падаў у адстаўку
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін падаў у адстаўку — у сувязі з пераходам на іншую працу. Пра гэта TUT.BY паведаміў 30 студзеня падчас прамой лініі з жыхарамі Віцебска кіраўнік спраў гарвыканкама Віталь Рудзеня.
На пасадзе віцебскага гарадскога кіраўніка Вадзім Заранкін працаваў апошні дзень 29 студзеня.
— Вадзім Уладзіміравіч падаў у адстаўку — у сувязі з пераходам на іншую працу. Дзе ён будзе працаваць, сказаць не магу. Калі працаўладкуецца, тады стане вядома], — паведаміў Віталь Рудзеня.
— Гэта была асабістая ініцыятыва Вадзіма Уладзіміравіча — падаць у адстаўку?
— Так, зусім правільна.
Вадзім Заранкін кіраваў віцебскім гарвыканкамам год — Лукашэнка ўзгадніў яго прызначэнне 30 студзеня 2020 года. Да гэтага Заранкін узначальваў абласны камітэт дзяржкантролю.
Заранкіну — 57 гадоў, ён нарадзіўся ў вёсцы Бель Дубровенскага раёна, скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.
На «долю» Заранкіна ў якасці кіраўніка выпаў самы складаны перыяд: каронавірус і выбары.
У Вадзіма Заранкіна — два сыны: Уладзімір і Філіп. І абодва былі затрыманыя пасля выбараў прэзідэнта.
Старэйшага сына Вадзіміра Заранкіна сілавікі затрымалі 12 кастрычніка. Каля крамы «Рыга», куды мужчына прыехаў па пакупкі, яго выцягнулі проста з-за руля аўтамабіля, даставілі ў РУУС, а потым у Жодзіна. Праз два дні ў турме адбыўся суд, але пасяджэнне перанеслі, а Вадзіміра адпусцілі з-пад варты.
Разгледзелі справу ўжо ў пачатку снежня ў судзе Старых Дарог. Вадзіміра прызналі вінаватым у правапарушэнні па артыкуле 23.34 КаАП і далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак пасля суда Вадзіміра не затрымалі. Ён вырашыў апратэставаць рашэнне ў абласным судзе.
У верасні суд пакараў і малодшага сына — Філіпа, адміністрацыйным арыштам за ўдзел у маршы супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Хлопец сцвярджаў, што ў акцыі не ўдзельнічаў, а ішоў дадому з працы.
Паводле tut.by