У Бабруйску апаганілі сінагогу

14 лістапада распачата крымінальная справа па фактах апаганьвання сінагогі ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), паведаміла карэспандэнту “НЧ інспектар па сувязях з грамадскасцю ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбанюк.



754c32eb39c6dfd8b7c97531a459937c.jpg

14 лістапада распачата крымінальная справа па фактах апаганьвання сінагогі ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), паведаміла карэспандэнту “НЧ інспектар па сувязях з грамадскасцю ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбанюк.
Паводле яе слоў, справа па частцы 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (хуліганства), якая прадугледжвае пакаранне грамадскімі работамі ці штраф, ці арышт на тэрмін шэсць месяцаў, ці пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, была заведзена аддзелам міліцыі №1 гарадскога ўпраўлення ўнутраных спраў па фактам злачынстваў у дачыненні да будынку іудзейскай святыні.
У каментары “НЧ сакратар сінагогі Мая Савацеева паведаміла, што храм Бабруйскай гарадской іудзейскай суполкі Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь знаходзіцца ў цэнтры горада, па вуліцы Сацыялістычнай, 36 і размяшчаецца ў старадаўнім двухпавярховым цагляным будынку, пабудаваным напрыканцы XIX стагоддзя менавіта для яўрэйскай святыні. “Хаця ў горадзе пражывае каля тысячы яўрэяў, рэлігійная суполка невялікая, узнавіла сваю дзейнасць у 2002 годзе і складаецца прыкладна з 50 чалавек пенсійнага ўзросту. Вось чаму ў Бабруйску дзейнічае толькі адна нашая сінагога, — сказала Савацеева.
Паводле яе слоў, у ноч з 10 на 11 лістапада невядомыя зламыснікі апаганілі агароджу святыні — аэразольнай фарбай чорнага колеру намалявалі нацысцкую свастыку, а мелам зрабілі надпіс “Смерць жыдам!. “11 лістапада мы выявілі гэтыя выбрыкі, сфатаграфавалі іх, вызвалі ўчастковага міліцыянера, які склаў пратакол, а затым звярнуліся з заявай на імя начальніка аддзела міліцыі №1 гарадскога УУС падпалкоўніка Алега Шалюты. Пасля таго, як нашу заяву зарэгістравалі, у сінагогу прыязджалі следчыя, — зазначыла Савацеева.
Паводле яе слоў, у ноч з 13 на 14 лістапада адбылося другое злачынства — невядомыя пабілі чатыры шыбы аднаго з пластыкавых шклопакетаў, што былі нядаўна ўсталяваныя ў аконныя праёмы храма. Ахоўнік сінагогі, які знаходзіўся ў будынку, але не меў магчымасці адразу выклікаць міліцыю, засведчыў, што гэты напад, у якім удзельнічала вялікая група моладзі, адбыўся ў дзве гадзіны ночы.
Як адзначыла Савацеева, 14 лістапада па гэтаму факту злачынства была таксама пададзена заява ў міліцыю. “Напад на будынак веруючыя назвалі хуліганскай і варварскай выхадкай. А нанесеныя на агароджу святыні малюнак свастыкі і тэкст нацысцкага характару абражаюць чалавечую годнасць. Вельмі сорамна за паводзіны тых, хто зрабіў гэтыя злачынствы, хаця гараджане даволі цёпла ставяцца да нашай рэлігійнай суполкі. Разам з тым, ад нападу на святыню веруючыя панеслі вялікія матэрыяльныя страты, якія ім давядзецца пакрываць уласным коштам, — падкрэсліла сакратар сінагогі.
Трэба адзначыць, што ў Бабруйску і раней мелі месца факты апаганьвання яўрэйскіх святынь, у тым ліку і старадаўніх могілак. Так, паводле слоў старшыні мясцовай яўрэйскай суполкі Леаніда Рубінштэйна, толькі на працягу 2007 года былі зафіксаваныя чатыры выпадкі вандалізму на старадаўніх яўрэйскіх могілках па вуліцы Мінскай, прычым у ноч з 10 на 11 кастрычніка 2007 года невядомыя злачынцы разбілі на гэтых могілках 15 надмагілляў. “Такія ж факты вандалізму былі і на абодвух праваслаўных могілках горада. Аднак ніколі злачынцы не былі пакараныя належным чынам, хаця былі выяўлены не аднойчы, — падкрэсліў старшыня суполкі.