У Беларусі можа з'явіцца яшчэ адна расійская вайсковая база
Яна стане трэцяй па ліку. Эксперты мяркуюць, што база прызначаная не столькі для абароны, колькі для дэманстрацыі NATO сілы.
Фота — ria.ru
Як інфармуе радыёстанцыя "Нямецкія хвалі", гэта будзе расійская вайсковая авіябаза. На ёй будуць базавацца знішчальнікі, здольныя несці ракетна-бомбавае ўзбраенне і наносіць удары па наземных цэлях у радыусе паўтары тысячы кіламетраў ад аэрадрома. На думку экспертаў, такая тэхніка прызначаная не столькі для ўзмацнення супрацьпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, колькі для дэманстрацыі сілы паблізу межаў з краінамі NATO.
На сённяшні дзень расійская вайсковая авіяцыя яшчэ не мае "сталай прапіскі" ў Беларусі. Паводле ўзаемнай дамоўленасці на тэрыторыі нашай краіны "нясуць баявое дзяжурства" ад 4 да 10 расійскіх знішчальнікаў Су-27, якія абараняюць "прастору саюзнай дзяржавы".
Іншыя дзве расійскія вайсковыя базы, якія знаходзяцца ў Беларусі — гэта тэхнічныя аб'екты, якія займаюцца пераважна разведкай, радыёлакацыяй і сувяззю. На новай базе плануецца размясціць 24 самалёты Су-27СМ3. Праўда, канчаткова пагадненне аб ёй дагэтуль не падпісанае. "Магчыма, ідзе гандаль", — выказаў меркаванне эксперт Аляксандр Алесін.