У Беларусь прыязджае высокапастаўлены еўрачыноўнік
Дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд прыбудзе ў Мінск сёння ў другой палове дня.
Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі, Гунар Віганд будзе знаходзіцца ў Мінску 24 і 25 верасня. "Яго рабочы візіт будзе галоўным чынам прысвечаны
Дыялогу аб мадэрнізацыі — спадар Віганд сустрэнецца з усімі зацікаўленымі бакамі, каб абмеркаваць кірункі, па якіх дыялог можа развівацца ў будучыні", — гаворыцца ў
паведамленні прадстаўніцтва.
Праграма "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" была ўхваленая Саветам ЕС 23 сакавіка 2012 года. Яна прадугледжвае шматбаковы абмен поглядамі і ідэямі паміж ЕС і
прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі аб неабходных рэформах у Беларусі, развіцця яе адносін з ЕС і аб магчымай падтрымцы Еўрасаюза. Дыялог сканцэнтраваны
на чатырох ключавых сферах адносін: палітычная рэформа; рэформа судовай сістэмы і чалавечыя кантакты; пытанні эканамічнай галіновай палітыкі; гандаль і рыначныя рэформы. Афіцыйны Мінск ад удзелу ў
праграме адмовіўся.
Апошні раз Гунар Віганд наведваў Мінск у снежні мінулага года. Ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, з якім, як паведаміла прэс-служба МЗС,
абмеркаваў "комплекс пытанняў аб цяперашнім стане адносін паміж Беларуссю і ЕС і шляхоў іх нармалізацыі".
БелаПАН