У Мінск з візітам прыбывае намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША

Эрык Рубін, які займае пасаду намесніка памочніка Дзяржаўнага сакратара па справах Еўропы і Азіі, цягам 26-28 лютага сустрэнецца як з чыноўнікамі дзяржаўных структураў, так і з прадстаўнікамі недзяржаўнага сектара.



usa_flag1.jpg

Як паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе амбасады ЗША ў Беларусі, Рубін правядзе шырокае кола сустрэч, у тым ліку з афіцыйнымі асобамі, уключаючы Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі, а таксама са сваякамі палітвязняў.

У ходзе сустрэч Эрык Рубін вывучыць магчымасць пашырэння супрацоўніцтва з Беларуссю па пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць, такім як барацьба з гандлем людзьмі ды гандлёвыя адносіны. Разам з тым ён падкрэсліць даўнюю занепакоенасць ЗША станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі і неабходнасць паляпшэння сітуацыі ў гэтай галіне.