У Мінску праходзіць пяты раўнд нефармальных міністэрскіх сустрэч краін Усходняга партнёрства

У межах сесіі па навакольным асяроддзі пятага раўнда нефармальнага дыялогу на ўзроўні міністраў краін — удзельніц ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства", які праходзіць сёння ў "Прэзідэнт-гатэлі", Беларусь зацікаўлена абмеркаваць падрыхтоўку новага пагаднення па клімаце. Аб гэтым паведаміла журналістам перад пачаткам сустрэчы першы намеснік міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна.



vp_sammit_2015_245.jpg

"У снежні 2015 года плануецца падпісанне новага парыжскага пагаднення, якое прыйдзе на змену Кіёцкаму пратаколу. Для нас гэтае пытанне з'яўляецца вельмі важным, і мы хацелі б сёння абмеркаваць далейшыя перспектывы падрыхтоўкі гэтага дакумента", — падкрэсліла Малкіна. 


Яшчэ адзін цікавы для Беларусі кірунак, які будзе абмяркоўвацца на сустрэчы, — гэта прыродаахоўныя мерапрыемствы ў сферы захавання біяразнастайнасці. "Будуць абмяркоўвацца пытанні, звязаныя з нашым далейшым супрацоўніцтвам. Сёлета мы падводзім вынікі папярэдняга пяцігадовага перыяду, і, вядома ж, трэба сумесна выпрацаваць тыя прапановы, якія маглі б легчы ў аснову далейшага доўгатэрміновага супрацоўніцтва", — зазначыла намеснік міністра. 


Удзельнікі сустрэчы таксама абмяркуюць пытанні ўкаранення і развіцця прынцыпаў зялёнай эканомікі, абыходжання з адходамі, перамяшчэння рэдкіх відаў жывёл. 


Еўрасаюз на сустрэчы прадстаўляюць камісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні Ёханэс Хан і камісар па навакольным асяроддзі, моры і рыбалоўстве Кармэну Вэла. 


Пяты раўнд нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін — удзельніц ініцыятывы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" (УП) складаецца з двух частак: тэматычнай сустрэчы з удзелам міністраў па пытаннях навакольнага асяроддзя краін, якая праходзіць цяпер, і дыскусіі кіраўнікоў МЗС — яна пройдзе ў другой палове дня. У парадак дня нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў уключаны пытанні бягучага стану і перспектыў далейшага развіцця УП у кантэксце вынікаў чацвёртага саміту Усходняга партнёрства, які прайшоў 21—22 мая ў Рызе. 


Нефармальныя міністэрскія дыялогі краін — удзельніц УП на ўзроўні міністраў замежных спраў і кіраўнікоў галіновых міністэрстваў праводзяцца з 2012 года. Паводле інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, першы раўнд прайшоў у Кішынёве (чэрвень 2012 года, без галіновага кампанента), другі — у Тбілісі (люты 2013 года, транспарт), трэці — у Ерэване (верасень 2013 года, адукацыя), чацвёрты — у Баку (верасень 2014 года, энергетыка). Асноўная мэта нефармальных міністэрскіх дыялогаў — адкрыты абмен меркаваннямі па актуальных пытаннях дзейнасці УП і міжнароднага парадку дня. Прыняцце якіх-небудзь выніковых дакументаў ці заяў такі фармат сустрэч не прадугледжвае.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН